ru by
ПАКУЛЬ ЖЫВУ – ДАБРО НЯСУ
85 год з дня нараджэння Лідзіі Андрэевай (Мініч)

Ты – радзіма мая. Я цябе ўслаўляю.
Я з табою з глыбокіх маіх каранёў.
Як і маці, радзіму не выбіраюць,
Ты адна, як і маці, да скону вякоў.
Л. Андрэева

 

22 студзеня 2025 г. адзначае свой 85-гадовы юбілей беларуская паэтэса, пісьменніца, перакладчыца Лідзія Андрэеўна Андрэева (Мініч). У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна, прысвечаная творчасці вядомай беларускай паэтцы, ураджэнкі Клімавіцкага раёна.

Лідзія Андрэева нарадзілася ў вёсцы Рэкта ў мнагадзетнай сялянскай сям’і (было 7 дзяцей): бацька – Галкоўскі Андрэй Лявонавіч, маці – Галкоўская Ганна Максімаўна. У час Вялікай Айчыннай вайны давялося сям’і некаторы час жыць у лесе, дзе дзіця спазнала голад і холад. Ліда вучылася ў Судзілаўскай васьмігодцы, а ў дзявятым і дзясятым класах – у сярэдняй школе № 3 г. Клімавічы, якую скончыла ў 1958 г. з сярэбраным медалём.

Пасля школы вырашыла звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і ў 1964 г. скончыла зоатэхнічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Працавала ў Горацкім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі, а з 1966 г. вучылася ў аспірантуры на кафедры развядзення сельскагаспадарчых жывёл. Пасля працавала асістэнтам на той жа кафедры, малодшым навуковым супрацоўнікам на доследчай станцыі БДСГА. У 1989 г. Лідзія Андрэеўна абараніла дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата сельскагаспадарчых навук, з 1990 г. – дацэнт зоаінжынернага факультэта (зараз факультэт біятэхналогіі і аквакультуры).

Увесь час працуючы з моладдзю, імкнулася не толькі даць добрыя прафесійныя веды, але і далучыць да скарбаў роднай мовы, вучыла любіць зямлю, на якой нарадзіліся і жывуць.

Пасля выхаду на пенсію ў 1999 г. Лідзія Андрэеўна сваё прызначэнне знайшла ў паэзіі. Яе дэбют адбыўся ў 1999 г. на старонках раённай газеты “Ленінскі шлях” пад псеўданімам Лідзія Андрэева.

У 2005 г. выйшаў першы зборнік вершаў “Спешу сказать…” на рускай і беларускай мовах, у 2007 г. – другі зборнік таксама на рускай і беларускай мовах – “Жыватворная крыніца”.

Паэтэса піша вершы і для дзяцей. І ў 2010 г. выдала кніжку-алфавіт для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту “Мая сям’я ад А да Я”, якая ўяўляе сабой вершаваны алфавіт з незвычайным мастацкім афармленнем. Ілюстрацыямі сталі малюнкі пераможцаў IV Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “На сваёй зямлі”, які штогод праводзіць экалагічная арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”. У зборніку паказаны адносіны дабрыні, любові і павагі ў сямі’і, любоў да Радзімы і сваёй роднай мовы. «Адзначаць Беларускасці Важнасць – Гэта Добрая Дзея Ёсць Еднасці, Жыццёвае Запатрабаванне. ІначаЙ Кажучы, Любіць Мову Неабходна: Одум Пераконвае, Розум Сцвярджае. Толькі Ўведаўшы, Уратуеш Фальклорнае Хараство. Цярпліва Чэрпай Штодня Эліксір Юнацкасці Яе». Менавіта так, незвычайна і арыгінальна выказваючы сваю думку, Лідзія Мініч прадставіла поўны беларускі алфавіт.

У 2010 г. выйшла і кніга вершаў “Споведзь”, у якой прадстаўлены розныя формы верша, паэзія абрадавага накірунку і г. д.

У кнізе “На хвалях вечнасці” (2012 г.) паэтка ў вершах звяртаецца да неўміручых міфаў і легенд старажытнай Элады, славутых паэм “Іліяда” і “Адысея” геніяльнага Гамера, якія “ў думках спевакоў жылі... праз іх і ў вечнасць адышлі”. Лідзія Андрэева ставіла мэтай перадаць у вершах міфы аб жыцці багоў і звязаныя з імі легенды аб стварэнні Сусвету і Зямлі.

Пераклады вершаў Г. Ахматавай, А. Блока, М. Някрасава, А. Майкава, К. Сіманава, С. Шчыпачова і іншых паэтаў, аўтараў папулярных рускіх рамансаў XIX ст. разам з яе вершамі ўвайшлі у кнігу “І боль, і мары, і любоў” (2013 г.), такую ж разнастайную па тэматыцы і глыбокую па сэнсе. Акрамя вершаў аб Радзіме, прыродзе, каханні, ёсць у ёй і прысвячэнні класікам айчыннай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу, Максіму Гарэцкаму і Максіму Багдановічу, Алесю Пісьмянкову, грамадскім дзеячам, а таксама мясцовым горацкім знакамітасцям.

Піша Л. Андрэева і прозу. Яе нарысы з’явіліся ў кнізе “Цвіла каліна: вершы і проза” (2015 г.), выдадзенай да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне з прысвячэннем: “Святому неўміручаму імені Маці і яе адданым сынам прысвячаю”.

У 2017 г. выйшла дзявятая кнігі Лідзіі Андрэевай – “Ніці”. Назва зборніка заклікана падкрэсліць духоўныя сувязі кожнага чалавека і Сусвету. Паэтка заклікае нас не рваць тоненькія ніці, якія звязваюць людзей, не адхіляць тых, хто помніць пра нас, падтрымліваць сувязі з нашымі роднымі і блізкімі людзьмі, цягнуцца да іх, асабліва ў цяжкія для нас хвіліны: “калі спустошанасць душу скрабе.

Лідзія Андрэева – аўтар паэмы “Тут росы бялей…” (2018 г.), прысвечанай Году малой радзімы і Дню вызвалення горада Горкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У 2019 г. выйшла яшчэ адна кніга, якая называецца “Атожылкі”, і прысвечана яна малой радзіме паэткі. Атожылкі – гэта маладыя парасткі расліны. У пераносным сэнсе атожылкамі называюць нашчадкаў. Сама аўтар называе свой твор патрыятычнафіласофскім сказам (народная філасофія ў мастацкіх вобразах).

Прэзентацыя кнігі адбылася 30 ліпеня на малой радзіме Л. Андрэевай, у Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Твор пачынаецца вось такімі цудоўнымі радкамі:

Мой куток! Ты мяне не адрынь –
Працягні сваёй ласкі далоні,
Мне даруй і надзею пакінь –
Я чалом прыпадаю да ўлоння
.
Галоўныя героі кнігі – сям’я Галкоўскіх з вёскі Судзілы: гаспадар Аляксандр Мікалаевіч, пчаляр, яго жонка Людміла Аляксандраўна, бухгалтар, іх дзеці, унукі, а таксама іх продкі. Аповед падаецца праз успаміны землякоў – вучонага Міколы, мужа і жонкі Галкоўскіх. У госці да Галкоўскіх прыехаў Мікола, гарадскі жыхар, які шмат гадоў не быў у сваёй роднай вёсцы і цяпер ледзьве яе пазнаў, бо не было ўжо тут ні школы, ні клуба, ні пошты, толькі дрэвы навявалі ўспамін пра былое. Сям’я Галкоўскіх сардэчна, гасцінна сустрэла земляка. Мікола з Галкоўскімі перабралі ў памяці сваіх родных, пагаварылі пра артэфакты даўніны: у мясцовасці шмат курганаў – чые яны?; вялікі камень з выявай крыжа і паўмесяца – хто пакінуў пячатку? А вобраз вучонага Міколы хоць і з’яўляецца збіральным, але ж спісаны збольшага з самой паэткі.

У Аляксандра Мікалаевіча і Людмілы Аляксандраўны трое дзяцей і чацвёра ўнукаў. У сям’і берагуць народныя традыцыі і абрады. І малыя, і дарослыя ўмеюць добра і працаваць, і адпачываць. А Аляксандр Мікалаевіч майстар на ўсе рукі: і пчаляр, і шапавал, і цясляр; ён змайструе і сані, і калёсы; і сатчэ, і спрадзе. Ён добра ведае гісторыю свайго краю, свайго роду, мноства казак, прыказак, народных песень, да і сам добра спявае…

На яго прыкладе аўтар яскрава паказала, як выхоўваецца і любоў, і патрыятызм без слоў, як просты селянін, які добра знае сэнс жыцця, беражэ спадчыну і шчыра выхоўвае гэтае пачуццё ў нашчадкаў.

Творчае і жыццёвае крэда Л. Андрэевай – служыць сваёй творчасцю людзям - выражаны у яе словах: “Мне вельмі хочацца, каб, чытаючы мае творы, кожны задумаўся пра сэнс жыцця і пра сваё месца на нашай зямлі. Для мяне самай высокай ўзнагародай будзе тое, калі чытач будзе вяртацца да маіх вершаў і папаўняць сваю душу любоўю і дабрынёй”.

Калектыў Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі сардэчна віншуе Лідзію Андрэеўну Андрэеву са слаўнай юбілейнай датай і шчыра жадае ёй моцнага здароўя на многія гады, упэўненасці ў сучаснасці і будучыні, душэўнага спакою, дабрабыту, натхнення і невычэрпнага патоку творчай энергіі!