Currently viewing: Главная » Краеведение » Календарь событий и дат » Календарь событий и дат 2018

Поиск


Календарь событий и дат

Каляндар падзей у асобах і фактах на 2018 год:

75 гадоў (1943) – пачала працаваць Мілаславіцкая сельская бібліятэка

75 гадоў (1943) таму назад пачала працаваць Мілаславіцкая сельская бібліятэка, пасля вызвалення вёскі Мілаславічы ад нямецкіх акупантаў. Размяшчалася ў старым памяшканні разам з сельскім Саветам. Першым збіральнікам кніг і кіраўніком хаты-чытальні была М. К. Шавандо. З 1956 г. па 1993 г. гаспадыняй бібліятэкі была Т. Ц. Лабанава. У 2004 г. бібліятэку перавялі ў памяшканне сельскага Дома культуры. З 2006 г. тут працуе Ірына Іванаўна Жарыкава.






70 гадоў (1948) з дня адкрыцця Палошкаўскай сельскай бібліятэкі

70 гадоў (1948) з дня адкрыцця Палошкаўскай сельскай бібліятэкі. Першапачаткова яна знаходзілася ў вёсцы Дамамерычы. У 2009 г. перавялі ў аграгарадок Палошкава. З 1991 г. у бібліятэцы працуе Вольга Уладзіміраўна Башкардзіна.








60 гадоў (1958) з дня пабудавання раённага Дома культуры

60 гадоў (1958) з дня пабудавання раённага Дома культуры.
Раённы цэнтр культуры з'яўляецца каардынацыйным і метадычным цэнтрам у арганізацыі і правядзенні шырокамаштабных тэатралізаваных мерапрыемстваў, фальклорна-абрадавых праграм, урачыстасцяў. У раёне 11 калектываў са званнем «Народны» і «Узорны»: узорны харэаграфічны калектыў «Жывіца», узорны ансамбль народнай музыкі «Лобжаночка» Клімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, народны аркестр народных інструментаў, народны аркестр духавых інструментаў, народны хор народнай песні, народны хор ветэранаў працы імя Л. І. Ячнева, народны тэатр гульні «Гарэзы», народны ансамбль народнай песні «Беразуха» раённага цэнтра культуры, народны ансамбль народнай песні Ціманаўскага сельскага дома культуры, народны фальклорны ансамбль «Острянка», узорны фальклорны ансамбль «Остряночка» Старадзедзінскага сельскага клуба.

50 гадоў (1968) з дня ўтварэння калектыва “Астранка” Старадзедзінскага сельскага клуба

50 гадоў (1968) з дня ўтварэння калектыва “Астранка” Старадзедзінскага сельскага клуба.
10 снежня 1992 г. этнаграфічнаму калектыву Старадзедзінскага сельскага клуба было прысвоена высокае званне “Народны”. І, згодна з загадам упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, выдадзена парадку сарака пасведчанняў артыстам народнага самадзейнага калектыву “за актыўны ўдзел у развіцці самадзейнага музычнага мастацтва і высокае выканальніцкае майстэрства”.





25 гадоў(1993) з дня адкрыцця Міхалінскай сельскай бібліятэкі

25 гадоў (1993) з дня адкрыцця Міхалінскай сельскай бібліятэкі ў выніку скарачэння Рэкцянскага філіяла. У цяперашні час гарадская бібліятэка №3.

З 1997 г. бібліятэка знаходзіцца ў памяшканні канторы саўгаса. З 2004 г. тут працуе Н. В. Курносава. У 2009 г. бібліятэка набыла статус гарадской.







25 гадоў (1993) з дня адкрыцця Барсукоўскай сельскай бібліятэкі

25 гадоў (1993) прайшло з часу, калі Барсукоўская сельская бібліятэка ўвайшла ў склад цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ў сувязі з ліквідацыяй вайсковай часткі, размешчанай у вёсцы Барсукі. Да гэтага яна належала вайсковай частцы Маскоўскага гарнізона. Пасля рэарганізацыі тут застаўся адзін работнік – былая загадчыца бібліятэкі Л. В. Бялова. Бібліятэка займала 3 пакоя ў былым Доме афіцэраў. Зараз тут працуе В. В. Буракова.





8 студзеня – 80 гадоў (1938) з дня нараджэння І.Р. Пехцерава, паэта

8 студзеня – 80 гадоў (1938, в. Недзведзь) з дня нараджэння Івана Рыгоравіча Пехцерава, паэта. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Дзесяць гадоў працаваў у органах масавай інфармацыі ў Расіі. Там выйшлі дзве яго першыя кніжкі вершаў у сааўтарстве “В краю таёжном” і “Перекличка”, а затым – асобны зборнік “Лебеди летят на Север”. Друкаваўся ў часопісах Масквы. З 1970 г. Іван Пехцераў жыў у Магілёве. Працаваў на абласным радыё, у чавускай раённай газеце “Іскра”, у газеце “Зямля і людзі”, галоўным спецыялістам па выдавецкай дзейнасці АНМЦ. Быў рэдактарам Магілеўскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Іван Пехцераў – член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1998 г. Аўтар 14 кніг вершаў і паэм. Святло Радзімы звонкім ручайком бруіцца з кожнага твора Івана Пехцерава. Аўтар з сыноўскай любоўю гаворыць і пра сваю малую радзіму, і пра Вялікую Айчыну. Сваёй Недзведзі, яе людзям, вясковым краявідам паэт прысвяціў нямала вершаў – светлых, шчымлівых, у якіх заўсёды цёплым агенчыкам ззяла сыноўская любоў. Цэлы цыкл вершаў прысвечаны вялікім бітвам нашых продкаў на палях Куліковым, Барадзінскім, пад Прохараўкай.

Іван Пехцераў стаў лаўрэатам трох прэмій: Магілёўскага аблвыканкама – “Чалавек года” (2002 г.), літаратурнай прэміі імя Аляксея Пысіна абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (2010 г.) і прэміі Магілёўскага гарвыканкама “Дасягненне” (2012 г.).

9 лютага 2013 года перастала біцца палымяннае сэрца паэта.

15 студзеня – 80 гадоў (1938) Клімавіцкі раён увайшоў у склад Магілёўскай вобласці

15 студзеня – 80 гадоў з дня ўтварэння (1938) у БССР абласнога дзялення. Клімавіцкі раён ўваходзіць у склад Магілёўскай вобласці.









21 студзеня – 100 гадоў (1918) з дня нараджэння Івана Рыгоравіча Новікава

21 студзеня – 100 гадоў (1918, в. Незнань) з дня нараджэння Івана Рыгоравіча Новікава, беларускага савецкага пісьменніка, журналіста, заслужанага дзеяча культуры БССР.
Нарадзiўся Іван Рыгоравіч у вёсцы Недзведзь, скончыў 1-ю Клiмавiцкую сямiгодку і паступiў у Магiлёўскi газетны тэхнiкум. У час працы ў газеце “Камуна” стаў студэнтам Аршанскага настаўнiцкага iнстытута, потым Ленiнградскага iнстытута журналiстыкі.
Вучоба перапынiлася з пачаткам Вялiкай Айчыннай вайны: ваенкамат накiраваў Iвана Рыгоравіча Новiкава ў артвучылiшча. З лютага 1942 г. ён камандаваў узводам упраўлення “кацюш”. Баявое хрышчэнне прыняў пад Купянскам. Ваяваў на Паўднёва-Заходнiм, Паўднёвым, Сталiнградскiм, 4-м i 3-м Украiнскiм франтах. Быў паранены. Перамогу сустрэў у Аўстрыi начальнiкам разведкi дывiзiёна. Пасля дэмабiлiзацыі, у 1946 г., стаў супрацоўнiкам рэдакцыi газеты “Советская Белоруссия”, тут ён загадваў сельгасаддзелам. З 1957 г. – карэспандэнт, а потым загадчык карпункта “Праўды” па Беларусi.
Пісаць пачаў рана, дэбютаваў вершамi ў раённай газеце ў 1935 г. Прафесiйная лiтаратурная праца пачалася з нарысаў. Першым значным творам была дакументальная аповесць “Сэрца iнакш не можа” пра Веру Харужую.
Журналіста, былога франтавіка Івана Новікава глыбока зацікавілі гераічная барацьба, надзвычайныя подзвігі і часам дзіўныя лёсы ўдзельнікаў Мінскага падполля перыяду Вялікай Айчыннай вайны. І ў 1959 г. ён пачаў працаваць над кнiгай “Руiны страляюць ва ўпор”. Распрацоўка гэтай тэмы знайшла працяг у дакументальных аповесцях “Дарогi скрыжавалiся ў Мiнску”, “Да свiтання блiзка”, у гiстарычных нарысах “Бяссмерце Мiнска” i “Мiнск – горад-герой”. Усе творы сведчаць, што Іван Новікаў быў пісьменнікам-першаадкрывальнікам.
І. Новікаў – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя П.М. Лепяшынскага, Дзяржаўнай прэміі БССР, Літаратурнай прэміі імя А.А. Фадзеева.
Памёр Іван Рыгоравіч Новікаў у 2001 г. ў Мінску, дзе пражываў шмат гадоў.

9 красавіка - 60 гадоў (1958) з дня нараджэння Леаніда Леанідавіча Ячнева

9 красавіка - 60 гадоў (1958, г. Клімавічы) з дня нараджэння Леаніда Леанідавіча Ячнева, прафесійнага мастака.
Яго жывапісныя работы знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях: у Расіі, Польшчы, ЗША, Ізраілі, Аўстраліі, Германіі, Францыі, Канадзе, Нарвегіі, Бельгіі.
Пасля школы скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча і атрымаў спецыяльнасць мастака-дэкаратара. Працоўная дзейнасць пачалася ў Гродне, дзе тры гады працаваў па спецыяльнасці ў “Белбытрекламе”. Затым перайшоў на Гродзенскую кінастудыю аператарам.
З 1993 г. Леанід Леанідавіч пачынае сур’ёзна займацца жывапісам, і праз пяць гадоў у Клімавіцкім раённым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё яго персанальнай выставы. Амаль 10 гадоў ён плённа піша выдатныя працы, а ў 2003 г. адбылася выстава ў нарвежскім Халдэне. У гэтым жа годзе ён прымаў удзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў у Нарвегіі. Праз год зноў выстаўляецца ў Нарвегіі, у горадзе Арэмарк. Так нарадзілася нарвежская серыя высокапрафесійных работ: “Безыменны востраў” (2003 г.), “Узбярэжжа акіяна” (2003 г.), “Нарвежскі прыбой” (2003 г.), “Уцёс-волат” (2004 г.), “У берага сіняга мора” (2004 г.) і іншыя.
Пакахалася мастаку родная рака Лабжанка. Менавіта ёй прысвечана серыя карцін “Лабжанка-рэчка”, “Разліў рэчкі Лабжанкі”, (2004 г.), “Рэчка Лабжанка” (2005 г.), “Цішыня на рацэ Лабжанка” (2009 г.), “Рака Лабжанка восенню” (2009 г.) і іншыя.
У 2009 г. ён прымае ўдзел у V Міжнародным пленэры, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння А.Т. Твардоўскага. Неаднаразова з’яўляўся ўдзельнікам Міжнароднага пленэра, прысвечанага заслужанаму дзеячу мастацтваў РСФСР, мастаку Ф. С. Шурпіну.
Работы Леаніда Ячнева захоўваюцца ў прыватных і дзяржаўных калекцыях у Беларусі, Расіі, Польшчы, Ізраілі, Аўстраліі, Германіі, Францыі, Канадзе, Бельгіі.


25 красавіка – 100 гадоў (1918) з дня выхаду ў свет першага нумара газеты “Родная ніва”

25 красавіка – 100 гадоў (1918) з дня выхаду ў свет першага нумара адной з найстарэйшых у рэспубліцы газет “Родная ніва”.
У той час выданне называлася “Известия Климовичского уездного Исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов”. Друкавалася на рускай мове, выходзіла два разы ў нядзелю.
З 9 мая 1919 г. ў газеты з’явілася іншая назва – “Климовичская беднота”. У 1924-1927 гг. раёнка выходзіць на беларускай мове пад назвай “Наш працаўнік”. У 1930 г. выданне перайменавана ў “Коммуну”. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны газета называлася “За Советскую Родину” (у 1943 выходзіла падпольна), з 1944 г. – “Молат”. З красавіка 1962 г. газета называлася “Новае жыццё”, а з 1990 г. яна – “Родная ніва”.
У розныя гады творчым калектывам журналістаў кіравалі рэдактары А. Александровіч, М. Мадэль, П. Юргелевіч, І. Журко, М. Мінчанка. Селькорамі раёнкі былі вядомыя пісьменнікі Алесь і Павел Пруднікавы, І. Новікаў, П. Кавалёў. У розныя гады ў газеце працавалі А. Кулакоўскі, А. Вярцінскі, Э. Вяржбіцкі, Т. Дзмітрусева, Я. Златкін, У. Дуктаў, М. Падабед, Б. Прошка, І. Салаўёў, П. Пабока і многія іншыя таленавітыя журналісты. На старонках газеты друкавалі свае творы П. Трус, М. Чарот, К. Чорны, А. Пысін, І. Пехцераў.
У цяперашні час галоўным рэдактарам установы рэдакцыі Клімавіцкай раённай газеты “Родная ніва” з’яўляецца Н.М. Мінчанка.

60 гадоў (1953) з дня адкрыцця раённай дзіцячай бібліятэкі 

65 гадоў (1953) з дня адкрыцця ў горадзе раённай дзіцячай бібліятэкі.
Яе арганізатарам была Бася Лазараўна Баранчук (Шапіра). Спачатку бібліятэка знаходзілася ў жылым доме па вуліцы Зялёнай, займала 2 невялікіх пакоя. Кніжны фонд складаў 1580 адзінак.
З 1961 г. па 2007 г. бібліятэка размяшчалася ў асобным памяшканні па вуліцы Свярдлова.
З 1957 г. па 1983 г. загадчыкам чытальнай залы была М. А. Дарэўская, а пасля яна ўзначаліла бібліятэку. З 1986 г. па 1997 г. загадчыкам бібліятэкі працавала А. І. Грабарава. Раённая дзіцячая бібліятэка неаднаразова была пераможцам абласных, раённых конкурсаў.
З 1997 г. па 2008 г. калектыў узначальвала Н. В. Індэрсон. У 2007 г. ў выніку пажару будынак дзіцячай бібліятэкі быў знішчаны, кніжны фонд і маёмасць эвакуіравана ў будынак цэнтральнай раённай бібліятэкі.
З 2008 г. раённую дзіцячую бібліятэку ўзначальвае Л. М. Маслава. Зараз бібліятэка знаходзіцца ў памяшканні Белаграпрамбанка.

8 жніўня – 55 гадоў (1963) з дня нараджэння М. Д. Малаткова

8 жніўня – 55 гадоў (1963, в. Родня) з дня нараджэння Мікалая Дзмітрыевіча Малаткова, паэта.
Закончыў Раднянскую школу ў 1977 г. Потым паступiў у Гродненскi тэхнiкум фiзiчнай культуры, якi закончыў у 1980 г. Пасля вучобы працаваў настаўнiкам фiзiчнай культуры. З 1981-1983 гг. служыў у радах Узброеных Сiл на тэрыторыi Польшы. З 1983 г. прадоўжыў настаўнiцкую дзейнасць у Малышкавiцкай школе. Пасля працаваў вадзiцелем. Быў выбраны дэпутатам гарадскога Савета. Захапляўся спортам, аўтарскай песняй, ахотай.
Вершы пачаў пiсаць з чацьвертага класа. Аўтар паэтычных зборнікаў: “Тополиная слеза” (1996 г.), “Малинник” (1997 г.), “Сердцу нужен листопад” (2003 г.). Яго верш “Опять охотничий сезон” змешчаны ў альманаху “Охотничьи просторы” (1996).
Памёр 29 верасня 2009 г.

28 верасня – 75 гадоў (1943) з дня вызвалення Клімаўшчыны
ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 

28 верасня – 75 гадоў (1943) з дня вызвалення Клімаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.