Календарь событий и дат на 2019 год
ЗНАМЯНАЛЬНЫЯ ДАТЫ КРАЯЗНАЎЧАГА КАЛЕНДАРА НА 2019 ГОД :
95 год з часу утварэння (1924) Клімавіцкага раёна
Клімавіцкі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года. Размешчаны на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, на адлегласці 140 км ад абласнога цэнтра. У сучасных межах існуе з 17 красавіка 1962 г. Мяжуе з Крычаўскім, Чэрыкаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Хоцімскім раёнамі Магілёўскай вобласці і Ершыцкім, Шумяцкім раёнамі Смаленскай вобласці. У складзе раёна 8 сельскіх Саветаў і 1 горад.
Плошча раёна – 154 728 га.
Колькасць насельніцтва (на 2016 г.) - каля 16 тыс. чалавек.
На тэрыторыі раёна працякаюць рэкі: Іпуць, Лабжанка, Асцёр, (прытокі Сожа), у паўднёвай частцы пачынаюцца рэкі: Дзеражня, Жадунька і Сураў, (прытокі Бесядзі). На рацэ Іпуць размешчана Мілаславіцкае вадасховішча.
Раён перасякаюць чыгуначныя шляхі: Унеча - Орша, Магілёў - Рослаў і аўтамабільныя дарогі: Масква - Брэст, Клімавічы - Крычаў, Клімавічы - Касцюковічы, Клімавічы - Хоцімск.
У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 1986 г. раён знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага кантролю, 15 населеных пунктаў адселены.
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры.
Прамысловыя прадпрыемствы выпускаюць мясныя, малочныя вырабы, спірт, торфабрыкет, будаўнічныя матэрыялы і інш.
На тэрыторыі раёна размешчана 5 помнікаў архітэктуры, 28 археалагічных помнікаў, 53 воінскіх пахаванняў. Найбольш значныя з іх Свята-Міхайлаўская царква ў г. Клімавічы (сярэдзіна 19 стагоддзя), жылы дом князёў Мяшчэрскіх, дзе размешчаны раённы краязнаўчы музей (1867 г.); Свята-Узнясенская царква ў в. Мілаславічы (II палова 19 стагоддзя).
70 год з часу заснавання (1949) Звянчацкай сельскай бібліятэкі
Людзі на вёсцы, як і ў горадзе, заўсёды цягнуліся да культуры. Спявалі песні, ладзілі святы і пра кнігу не забывалі, хоць чытаць маглі і ўмелі не ўсё. Таму ў 30-я гады ў вёсках сталі арганізоўвацца цэнтры культурна-асветніцкай працы – хаты-чытальні. У 1949 годзе была адкрыта яна і ў в. Звянчатка, у маленькім будынку былой ветлячэбніцы. Кнігі размяшчаліся ў шафах.
У 60-я гады бібліятэка займала ўжо больш прасторнае памяшканне. У 1963 годзе сюды прыйшла працаваць Любоў Васькоўская. Дзевяць гадоў у гэтай бібліятэцы працавала Тамара Кіцікава.
37 гадоў ўзначальвала бібліятэку Надзея Дзмітрыеўна Цыкаленка. Звянчацкі сельскі філіял з’яўляецца бібліятэкай сямейнага тыпу. Больш за 20 гадоў тут дзейнічае клуб “Сям’я”, мэта работы якога - асвета і аб’яднанне сям’і, выхаванне культуры сямейных адносін, адраджэнне традыцыі сямейнага чытання, арганізацыя сямейнага вольнага часу.
У 2006 годзе з уводам аграгарадка бібліятэка змяніла сваю прапіску. Зараз яна знаходзіцца ў новым светлым памяшканні. Бібліятэкар – Алена Мікалаеўна Папкова.
Кніжны фонд складае – 11164 экземпляраў.
70 год з часу заснавання (1949) Высакоўскай сельскай бібліятэкі
Бібліятэка арганізавана ў 1949 годзе як прыклубная. У 1963 годзе было пабудавана новае памяшканне для клуба, дзе таксама размясцілася і бібліятэка.
З 1967 года бібліятэка пачала функцыянаваць як сельская. Яе перавялі ў інтэрнат, дзе яна займала два цесныя, няўтульныя пакойчыкі. У 1985 годзе з-за халатнасці жыхароў адбыўся пажар. Амаль палова кніг была знішчана або пашкоджана. Цэлы год бібліятэка знаходзілася ў памяшканні мехмайстэрняў. У 1986 годзе яе размясцілі ў капітальна адрамантаваным будынку былой пачатковай школы.
Загадчыцай бібліятэкі з 1967 па 1994 год была Зоя Фёдараўна Дзёміна.
З 1997 года ў бібліятэцы працуе Галіна Віктараўна Шылава.
У 2010 годзе з уводам аграгарадка бібліятэка пераведзена ў будынак сельскага клуба. Абслугоўвае жыхароў 7 населеных пунктаў. Кніжны фонд складае звыш 8 тыс. экз. дакументаў.
Пры бібліятэцы арганізаваны дзіцячы клуб “Сонейка”.
70 год з часу заснавання (1949) гарадской бібліятэкі № 1
На рахунку бібліятэкі нямала добрых і карысных спраў. І гэта нягледзячы на тое, што яе то аб’ядноўвалі з раённай бібліятэкай, то зноў рэарганізоўвалі ў самастойную. Ды і “месца жыхарства” даводзілася мяняць неаднаразова. Да 1956 года бібліятэка размяшчалася ў цэнтры горада, займала невялічкі пакойчык у жылым доме, потым – у асобным памяшканні на сілікатным пасёлку. У 1965 годзе ёй адведзена была адна кватэра з чатырох у аднапавярховым доме. Толькі праз дзевяць гадоў камбінат будматэрыялаў узвёў тыпавы Дом культуры, дзе размясціліся дарослая і дзіцячая бібліятэкі. З’явіліся больш спрыяльныя ўмовы для абслугоўвання чытачоў і арганізацыі вольнага часу насельніцтва.
Першай загадчыцай установы (з 1976 года яна стала называцца гарадскім філіялам №1) была Алена Паўлаўна Стальмакова. У 1973 годзе сваю працоўную дзейнасць пачала Антаніна Фёдараўна Скрыган, а праз дваццаць гадоў сюды прыйшла працаваць Людмiла Адамаўна Дворкiна, якая потым узначаліла філіял. Знамянальны юбілей бібліятэкі, безумоўна, звязаны і з імёнамі такіх былых яе супрацоўнікаў, як Антаніна Васільеўна Ісачанка, Ала Іванаўна Грабарава, Наталля Віктараўна Мацко і іншых.
З 2009 года у бібліятэцы працуюць Кацярына Аляксандраўна Кулагіна і Ганна Іванаўна Кірпічэнка.
Сёння фонд бібліятэкі налічвае больш 20 тысяч экземпляраў кніг, брашур, перыядычных і электронных выданняў. Штогод абслугоўваецца прыкладна па 1200 карыстальнікаў.
65 год з часу заснавання (1954) Асмолавіцкай сельскай бібліятэкі
Першым загадчыкам бібліятэкі быў выпускнік Магілёўскага культпрасветвучылішча Мікалай Пятровіч Секушэнка. Кніжны фонд складаў усяго 500 кніг. З 1958 па 1973 бібліятэкай загадвала Лідзія Мікалаеўна Асмалоўская. Пачынаючы з 1973 года, бібліятэку ўзначальвала Зінаіда Паўлаўна Асмалоўская, выдатны спецыяліст, творчы работнік.
Да 2004 года бібліятэка знаходзілася ў цесным, няўтульным памяшканні мясцовага клуба, дзе з цяжкасцю размяшчаўся кніжны фонд. Зараз бібліятэка займае два прасторныя пакоі.
З 2014 года у бібліятэцы працуе Марына Уладзіміраўна Судзілоўская.
Бібліятэчны фонд налічвае больш за 11 тыс. экземляраў.
Пры бібліятэцы працуе клуб “Рукодельница”.
65 год з часу заснавання (1954) Лабжанскай сельскай бібліятэкі
Бібліятэка была адкрыта як хата-чытальня. У 60-я гады ператворана ў прыклубную, кнігі размяшчаліся ў шафах. У 1966 годзе бібліятэка пачала працаваць у будынку сельскага Савета як самастойная сельская ўстанова. Загадчыцай бібліятэкі была Людміла Іванаўна Курносава. У 1976 годзе сельскі Савет пераведзены ў іншае памяшканне, і бібліятэка заняла ўсю плошчу. Нядоўга, але змястоўна працавалі тут Галіна Пасрэднікава, Таццяна Меленцьева. З 1982 года бібліятэкай загадвае Чарнякова Кацярына Уладзіміраўна.
У 2008 годзе з уводам аграгарадка бібліятэка пераведзена ў будынак сельскай школы.
Бібліятэчны фонд налічвае больш за 10 тыс. экземляраў.
Пры бібліятэцы працуе клуб для арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў “Молодёжная планета”.
18 (30) студзеня - 135 год з дня нараджэння (18(30).01.1884 – 12.04.1962) Антуана ПЕЎЗНЕРА (уласна Антон (Натан) Абрамовіч (Нота Бярковіч), рускага і французскага мастака і скульптара
Нарадзіўся гэты вядомы чалавек у г. Клімавічы Магілёўскай губерні ў сям'і інжынера. Старэйшы брат Навума Габо.
З васьмі гадоў вучыўся на аддзяленні жывапісу Кіеўскага мастацкага вучылішча. Самастойна вывучаў іканапіс і візантыйскую даўніну, быў захоплены творчасцю Ўрубеля.
У 1909 г. паспяхова скончыў вучылішча і паступіў у Санкт-Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. У 1911 г. Антуан Бярковіч з'язджае ў Парыж. Праз два гады ў Капенгаген, затым у Осла, дзе напісаў першую карціну “Прыбираючыся женщина”.
У наступныя гады Антуан Пеўзнер пабываў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з іншымі відамі мастацтва. Але асабліва моцнае ўражанне на яго зрабіла Эйфелева вежа з яе ажурнай каркаснай канструкцыяй.
У 1917 г. вяртаецца ў Расію і выкладае ў Вышэйшых дзяржаўных мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве. У 1923 г. канчаткова пакінуў Расію. Абгрунтаваўся ў Францыі. Праз год у Парыжы, у галерэі Персье, адбылася сумесная выстава Антуана і яго малодшага брата Навума –“Рускія канструктывісты: Габо і Пеўзнер”.
У 1925-1930 гг. з вялікім поспехам прайшлі выставы ў Амстэрдаме, Стакгольме, Лондане, Чыкага, Парыжы, Нью-Ёрку.
На міжнароднай выставе ў Лондане ў 1953 г. гран-пры атрымала праца “Монумент неизвестному политическому заключенному”. У 1961 г. Антуан Пеўзнер стаў кавалерам ордэна Ганаровага легіёна.
Працы скульптара захоўваюцца ў многіх музеях свету. Памёр наш зямляк у Парыжы 12 красавіка 1962 г. Каля магілы ўстаноўлена яго скульптура “Апошні палёт”.
14 студзеня - 115 год назад нарадзіўся (1904) ў в. Асмолавічы Міхаіл Сцяпанавіч АСМАЛОЎСКІ. Беларускі архітэктар, начальнік упраўлення па справах архітэктуры пры СМ БССР, кандыдат навук, загадчык кафедры інстытута інжынераў-землеўпарадчыкаў
М.С. Асмалоўскі скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў землеўпарадкавання (1931). Працаваў начальнікам Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ БССР (1945 – 1951), загадчыкам кафедры Інстытута інжынераў землеўпарадкавання (1962 – 1977).
Асноўныя працы ў Беларусі: планіроўка жылога масіву Савецкага раёна (1944 – 1947), праект забудовы Ленінскага праспекта (цяпер праспект Незалежнасці) і Цэнтральнай плошчы (цяпер Кастрычніцкая 1948) у Мінску; планіроўка калгаснага цэнтра ў в. Лукомль Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці (1950) і інш.
Кандытат архітэктуры (1950). За працоўныя поспехі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Памёр 23.09.1977 г.
13 студзеня - 80 год з дня нараджэння (1939) Віталя Міхайлавіча МАХАНЬКО, інжынера-канструктара касмічнай тэхнікі
Нарадзіўся В.М. Маханько ў пасёлку Прамысловы Кемераўскай вобласці. У 1941 г. бацькі пераехалі на радзіму продкаў, у Новы Дзедзін, калі Віталю споўнілася два гады. У 1953 г. пасля заканчэння Старадзедзінскай (тады яшчэ сямігадовай) школы ён паступіў у Рослаўльскі чыгуначны тэхнікум.
Па размеркаванні быў накіраваны на чыгуначную станцыю Барабінск Новасібірскай вобласці. Затым — служба ў арміі і шэсць гадоў працы на Марыупальскім заводзе цяжкага машынабудавання.
Спачатку электразваршчыкам, а потым - канструктарам. Паралельна вучыўся ў Жданаўскім металургічным інстытуце. Праз год у 1967 г. пасля заканчэння ўладкаваўся на працу інжынерам-канструктарам Цэнтральнага канструктарскага бюро эксперыментальнага машынабудавання - вядомага цяпер ва ўсім свеце прадпрыемства з назвай ААТ “Ракетна-касмічная карпарацыя “Энергія” імя С.П. Каралёва”, на якім прапрацаваў да выхаду на пенсію.
В. Маханько з'яўляецца стваральнікам дзевяці вынаходак у галіне ракетна-касмічнай тэхнікі. Датычны да канструявання месяцахода, касмічнага карабля “Буран”, касмічных станцый “Салют” і “Мір”. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, актыўна займаўся летапісам роднай вёскі. З усімі яго матэрыяламі можна пазнаёміцца ў Клімавіцкім краязнаўчым музеі або пагартаўшы падшыўкі раённай газеты ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
7 красавіка - 70 год з дня нараджэння (1949) Аляксандра Аляксеевіча МАЛОЖЫНА, майстра спорту СССР па грэка-рымскай барацьбе
ляксандр Аляксеевіч Маложын нарадзіўся ў в. Вазнясенск Клімавіцкага раёна. У 1968 г. Маложын А.А. выконвае нарматыў майстра спорту СССР. І ўжо праз год становіцца чэмпіёнам СССР і свету сярод моладзі ў вазе 68 кг і членам зборнай каманды СССР па грэка-рымскай барацьбе.
У 1971 г. яму прысвоена званне “Майстар спорту міжнароднага класа па грэка-рымскай барацьбе”.
27 красавіка - 70 год з дня нараджэння (1949) Уладзіміра Мацвеявіча МАРЧАНКІ, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара
Нарадзiўся 27 красавiка 1949 г. у вёсцы Хадунь, у сям’i настаўнiкаў: бацька - гiсторык, географ, мацi — выкладчык рускай мовы i лiтаратуры. На працягу 1956-1964 гг. вучыўся ў Хадуньскай васьмiгадовай школе, у 1965—1966 гг. — у Клiмавiцкай школе №1, якую скончыў з залатым медалем.
У 1966—1971 гг. — студэнт механiка-матэматычнага, а потым факультэта прыкладной матэматыкi Белдзярж-унiверсiтэта iмя У.I. Ленiна (дыплом з адзнакай), у 1971-1974 гг. — аспiрант кафедры метадаў аптымальнага кiравання (скончыў датэрмiновай абаронай кандыдацкай дысертацыi на тэму: «Мiнiмальная колькасць уваходаў адносна кiруемых сiстэм з паслядзеяннем»).
Затым працаваў асiстэнтам кафедры метадаў аптымальнага кiравання БДУ, старшым выкладчыкам i дацэнтам кафедры матэматычных праблем кiравання Гомельскага Дзяржунiверсiтэта, дацэнтам, старшым навуковым супрацоўнiкам, прафесарам i загадчыкам кафедры вышэйшай матэматыкi Беларускага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга тэхналагiчнага iнстытута iмя С.М.Кiрава.
У студзенi 1986 г. абаранiў дысертацыю на атрыманне вучонай ступенi доктара фiзiка-матэматычных навук на тэму: «Матэматычныя задачы кiравання i назiрання для лiнейных сiстэм з паслядзеяннем» у iнстытуце матэматыкi i механiкi УНЦ АН СССР (г. Свярдлоўск).
У 1988 г. (люты) прысвоена званне прафесара па кафедры вышэйшай матэматыкi. Удзельнiк мiжнародных канферэнцый i сiмпозiумаў.
У 1978 г. прайшоў павышэнне квалiфiкацыi ў МДУ iмя М.В.Ламаносава.
У 1980-1981 гг. — дзесяцiмесячную навуковую стажыроўку ў Мiжнародным матэматычным цэнтры iмя С.Бонаха (г. Варшава), у 1987 г. запрашаўся для чытання лекцый у Польскую кадэмiю навук (ПАН).
23 красавіка - 100 год з дня нараджэння (1919) Аляксея Фёдаравіча КУШЧАНКА, генерала-маёра, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны
Нарадзіўся Аляксей Фёдаравіч у вёсцы Касперка. Пасля сямiгадовай адукацыi закончыў Магiлёўскае педвучылiшча i ў 1935 г. паступiў у 2-е Ленiнградскае Чырвонасцяжнае ваеннае вучылiшча.
З 1940 г. — на службе ў вайсках: камандзiр узвода, начштаба дывiзiёна. Удзельнiк баёў пад Растовам-на–Доне, Мажайскам, Старай Русай.
З мая 1943 г. — начальнiк разведкi 109-й гаўбiчнай артбрыгады. Удзельнiк баёў на Курскай дузе.
З верасня 1943 г. маёр Кушчанка — камандзiр артдывiзiёна.
З лютага 1944 г. — начальнiк разведкi, намеснiк начштаба 16-й артылерыйскай Кiраваградскай Чырвонасцяжнай дывiзii прарыву РВГК, удзельнiк вызвалення Румынii, Венгрыi, Аўстрыi, Чэхаславакii.
З красавiка 1954 па 1956 г. — начштаба артбрыгады, па 1960 г. — камандзiр артпалка.
Пасля заканчэння ў 1962 г. Ваеннай артылерыйскай акадэмii – камандзiр артылерыйскага злучэння, потым - камандуючы ракетнымi войскамi i артылерыяй гвардзейскай армii ГСБГ.
З 1968 г. — генерал–маёр, а з 1969 г. — намеснiк камандуючага ракетнымi войскамi i артылерыяй Чырвонасцяжнай Прыбалтыйскай акругi.
З 1979 г. — у запасе. Узнагароджаны двума ордэнамi Чырвонага Сцяга, двума – Айчыннай вайны, двума - Чырвонай Зоркi, ордэнам «За службу Радзiме ва Узброеных Сiлах СССР» III ступенi i медалямi.
5 красавіка - 105 год з дня нараджэння (1914) Міхаіла Фаміча ГАЛЫНСКАГА, мастака
Нарадзіўся Міхаіл Фаміч у сялянскай сям’і ў вёсцы Азярцы Клімавіцкага ўезда Магілёўскай губерні. З ранняга дзяцінства захапляўся маляваннем і жывапісам, які стаў неад’емнай часткай жыцця і творчасці. Працаваў у жанры партрэта і пейзажа.
Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў Ленінградскім мастацкім інстытуце імя Рэпіна. Але не скончыў, пачалася Вялікая Айчынная вайна.
У маі 1945 г. па ініцыятыве камандавання часці, дзе служыў Галынскі, была арганізавана першая асабістая выстава – экспанавалася 124 работы: партрэты ветэранаў вайны і франтавыя замалёўкі. Выстава прайшла паспяхова, а Міхаіл Фаміч быў прадстаўлены да ўрадавай узнагароды. Сумяшчая працу на вытворчасці ён паспяхова працаваў у вобласці выяўленчага мастацтва.
На мясцовых выставах стаў удзельнічаць з 1956 г.
У 1963 г. у краязнаўчым музеі горада Ліепай (Латвія) састаялася другая асабістая выстава, дзе ён жыў у гэты час. Але сувязь з землякамі, з роднай Магілёўшчынай працягвалася. Мастак часта наведваўся ў Клімавічы, падарыў Клімавіцкаму краязнаўчаму музею свае творы, якія цяпер там экспануюцца.
У студзені 1965 г., а таксама ў 1967 г. яго работы экспанаваліся ў горадзе Рыга.
У 1972 г. прымаў удзел ва Ўсесаюзным конкурсе партрэтаў у Маскве. Прадстаўлены дзве работы “Хлеборобы” і “Портрет”.
Мастак пакінуў багатую спадчыну – каля 120 прац алеем і амаль тысячу малюнкаў. Шмат яго работ было прадстаўлена ў 2000 г. у галерэі “Рожу лаукумс” (Ліепае), а праз год – у зале АНКОЛа ў Рызе і на выставе аб’яднання беларускіх мастакоў краін Балтыі “Маю гонар” у Доме Рэйтэрна.
14 красавіка – 125 год з дня нараджэння (1894) Мікіты Антонавіча ШЧАРБОВА, доктара сельскагаспадарчых навук
Нарадзіўся Мікіта Антонавіч у в. Хацень ў сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння 5 класаў і Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі быў настаўнікам у школе. Потым служыў у арміі.
Пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ў 1918г. на І павятовым з’ездзе Саветаў М.А. Шчарбоў выбіраецца членам Клімавіцкага паветвыканкома і прызначаецца ваенным камісарам. Арганізоўвае атрады па барацьбе з контррэвалюцыяй, умацоўвае Савецкую ўладу.
Затым з 1920 г. Шчарбоў вучыцца ў Ціміразеўскай акадэміі. У 1924 г. атрымлівае званне вучонага агранома – заатэхніка. Яго працоўны і навуковы шлях звязаны з жывёлагадоўляй, актыўнай навуковай дзейнасцю ў гэтай галіне народнай гаспадаркі.
Распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць паточна–цэхавую сістэму ўтрымання свіней, якая атрымала высокую адзнаку Народнага камісарыята земляробства, і была прызнана як буйное тэхнічнае ўдасканаленне.
З 1956 па 1972г. (да выхаду на пенсію) М. А. Шчарбоў працаваў у Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі, узначальваў кафедру “Асновы жывёлагадоўлі”.
М. А. Шчарбовым напісана 6 кніг, апублікавана ў друку больш 100 навуковых работ. Яго дзейнасць вучонага і педагога адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Памёр у 1988 г.
1 мая – 90 год з дня нараджэння (1929) Паўла Самуілавіча АЎРАМЕНКІ, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара
Нарадзiўся ў вёсцы Барысаўка ў сялянскай сям’i. Закончыў Клiмавiцкi зааветтэхнiкум, БСГА - вучоны заатэхнiк (1961).
Працаваў старшым ветурачом МТС, старшынёй калгаса, начальнiкам раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркi. У 1967 г. закончыў аспiрантуру пры Беларускiм навукова-даследчым iнстытуце жывёлагадоўлi, з сакавiка 1967 года - кандыдат бiялагiчных навук, са снежня 1979 г. - доктар сельскагаспадарчых навук, з 1981 г. - прафесар.
У БелНДIЖы - старшы навуковы супрацоўнiк, загадчык аддзела, намеснiк дырэктара па навуковай рабоце i кiраўнiк аддзела па тэхналогii кармоў. Асноўным напрамкам навукова-даследчай работы з’яўляецца распрацоўка прагрэсiўных тэхналогiй нарыхтоўкi i захавання кармоў, а таксама абгрунтаванне эфектыўнасцi выкарыстання кармавых сродкаў сельскагаспадарчай жывёлы ў адносiнах да ўмоў сучаснага вядзення жывёлагадоўлi.
Аўтар 187 навуковых работ, кнiг i манаграфiй.
5 мая – 95 год з дня нараджэння (1924) Леаніда Іосіфавіча ЯЧНЕВА, беларускага савецкага дзеяча самадзейнага мастацтва, настаўнiка, заслужанага дзеяча культуры БССР
Леанід Іосіфавіч (05.05.1924 – 21.04.2011) нарадзiўся ў былой вёсцы Мохаўка Клiмавiцкага раёна. Падчас масавага голаду (1933 – 1934) сям’я Ячневых пераехала ў вёску Паўлавічы, дзе Леанід закончыў пачатковую школу, потым Лазовіцкую сямігодку. У верасні 1940 г. паступіў у музычнае вучылішча пры кансерваторыі ў Мінску.
У лістападзе 1942 г. прымусова ўгнаны ў Германію, дзе працаваў на шахце. У маі 1945 г. вызвалены войскамі Савецкай Арміі. У чэрвені 1946 г. вярнуўся дадому – у вёску Паўлавічы.
Працягваў самастойныя музычныя заняткі па ігры на баяне. Працаваў баяністам і кіраўніком хору ў раённым Доме культуры і мастацтва Гродзенскай вобласці (1948 – 1949). Закончыў дзевяць класаў вячэрняй школы працоўнай моладзі, завочнае аддзяленне Усесаюзнага тэхналагічнага інстытута харчовай прамысловасці (1957). У 1963 г. - прысвоена званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР”.
Гонар Леаніда Іосіфавіча Ячнева і нашага раёна - народны хор раённага Дома культуры і народны хор народнай песні саўгаса- тэхнікума (цяпер - Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж). Стваральнік і нязменны кіраўнік калектываў. У 1974 г. хор РДК пабываў у Маскве на ВДНГ СССР, у Польшчы, Ціраспалі, на канцэртных пляцоўках розных прэстыжных конкурсаў. Выступленне народнага хора адзначана дыпломам ІІ ступені. За ўдзел у І Усесаюзным фестывалі народнай творчасці ў 1975 – 1977 гг. народны хор узнагароджаны дыпломам І ступені. У садружнасці з вядомымі беларускімі кампазітарамі, паэтамі, у тым ліку - мясцовымі, створана шмат песень, падрыхтаваны яркія тэатралізаваныя выступы. У 1980 г. за творчыя поспехі калектыву Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа прысвоена ганаровае званне “Народны”.
Леанід Іосіфавіч апошнія 25 гадоў, да выхаду на заслужаны адпачынак, працаваў настаўнікам матэматыкі, музыкі і спеваў, кіраваў мастацкай самадзейнасцю ў СШ № 3, а побач з гэтым крочыла па жыцці і захапленне музыкай.
Унікальны, таленавіты чалавек, ён распавядае пра перажытае ў сваёй рукапіснай дакументальнай аповесці "Логарифмы и песня", якая з рэдкімі фатаграфіямі і газетнымі публікацыямі захоўваецца ў раённым краязнаўчым музеі.
Песні Леаніда Ячнева вельмі розныя па свайму настрою, па свайму тэмпераменту. Яны то велічныя, як “Прыдняпроўская прывітальная”, то шчымлівыя да болю, як “Ляцяць жураўлі”, то гарэзлівыя, як “Гарошына”, то апантана-вясёлыя, як “Не прыходзьце, хлопцы, рана”. Гэта песні ад душы і для душы, і таму яны ўпрыгожваюць рэпертуар любога песеннага калектыву: славутага або невядомага.
Усяго Леанідам Ячневым створана звыш 100 песень.
8 мая – 100 год з дня нараджэння (1919) Марыі Пятроўны ПАЦЁМКІНАЙ, заслужанага настаўніка БССР
Нарадзілася ў вёсцы Нязнань Кісялёва-Будскага сельсавета Клімавіцкага раёна ў мнагадзетнай сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння Кісялёва–Будскай школы скончыла Магілёўскі педагагічны тэхнікум і была накіравана ў Скуратаўскую васьмігадовую школу Круглянскага раёна выкладаць рускую мову і літаратуру.
У 1939 г. па накіраванню райкома камсамола працавала настаўніцай у школе №16 г. Гродна. Тут і застала яе Вялікая Айчынная вайна. З вялікімі цяжкасцямі дабралася ў родную вёску.
Пасля вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў працавала па спецыяльнасці ў Раднянскай і Судзілаўскай школах.
Завочна скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага.
Са жніўня 1953 г. была накіравана на работу ў Недзведзьскую сярэднюю школу. Больш 35 гадоў жыла ў вёсцы Недзведзь, працавала ў школе. Больш 20 гадоў працавала завучам. У рады КПСС уступіла ў 1965г. Шмат разоў выбіралася дэпутатам Галіцкага сельскага Савета.
У 1967 г. удастоена звання “Заслужаны настаўнік БССР”.
13 чэрвеня – 95 год з дня нараджэння (1924) Васіля Канстанцінавіча СТАРАВОЙТАВА, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы
Нарадзіўся ў в. Барок Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Працоўную дзейнасць пачаў у мясцовым калгасе імя Чкалава.
У гады Вялікай Айчыннай вайны — партызан, памочнік начальніка штаба 600-га партызанскага палка.
Пасля заканчэння курсаў пры ЦК КП(б)Б у 1944–1945 гг. працаваў камсоргам Быхаўскага леспрамгаса Магілёўскай вобласці. У 1945–1947 гг. – другім сакратаром Быхаўскага РК ЛКСМБ. У 1949 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б. Працаваў інструктарам Магілёўскага абкома ЛКСМБ, першым сакратаром Клімавіцкага райкома ЛКСМБ.
У 1951–1953 гг. у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі быў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, у 1953–1957 гг. сакратаром Клімавіцкага РК КП(б)Б па зоне Высокаўскай МТС.
У 1957–1968 гг. працаваў дырэктарам саўгаса “Раднянскі” Клімавіцкага раёна. У 1968–1997 гг. старшыня калгаса “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага Кіраўскага раёна (зараз акцыянернае таварыства “Рассвет”).
Герой Сацыялістычнай Працы (двойчы). У 1978 г. – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР. У 1994 г. – ганаровы акадэмік Акадэміі кіравання пры СМ Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна і залатымі медалямі “Серп і молат”, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Айчыннай вайны 1-ай ступені, медалямі.
16 чэрвеня - 100 год з дня нараджэння (1919) Івана Савельевіча ПРУДНІКАВА, доктара тэхнічных навук, канструктара ракетна-касмічнай тэхнікі, лаўрэата Ленiнскай прэмii
Нарадзiўся ў вёсцы Папаратка Клiмавiцкага раёна, у сялянскай сям’i. У 1924 г. разам з сям’ёй выехаў у Краснадарскi край. Вярнуўся ў 1933 г. на радзiму, але неўзабаве выехаў у Краматорск (Данецкая вобласць, Украiна), потым - да старэйшага брата ў Варонеж. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1936) вучыўся ў Сталiнградскiм механiчным iнстытуце. У 1941 г. закончыў яго з адзнакай.
У лiпенi – жнiўнi 1941 г. працаваў на Сталiнградскiм трактарным заводзе тэхнолагам, потым наладчыкам станкоў у цэху па выпуску танкаў Т-34. З верасня 1942 г. да сакавiка 1946 г. працаваў на эвакуiраваным з г. Сумы заводзе № 724 iмя М.Фрунзе ў г. Чырчыку Ташкенскай вобласці. Узначальваў канструктарскае бюро iнструментаў i прыстасаванняў.
I.Пруднiкаў з 1946 г. распачаў работу ў галiне ракетабудавання. Працаваў у навукова-даследчым iнстытуце № 88 (цяпер Ракетна-касмiчная карпарацыя «Энергiя» iмя С.П. Каралёва) у аддзеле галоўнага канструктара С.П.Каралёва. Прымаў удзел у стварэннi айчыннай ракеты Р-1, ракеты-носьбiта Р-2. Вучыўся ў аспiрантуры (навуковы кiраўнiк С. П. Каралёў), абаранiў кандыдацкую дысертацыю (1955). У 1956-1966 гг. узначальваў праектна-каструктарскi аддзел галоўных частак балiстычных ракет, у 1966-1974 гг. - аддзел па праектаванню касмiчных караблёў i распрацоўцы ракетна-касмiчнага коплекса для экспедыцыi на Месяц. У 1974 - 1982 гг. быў галоўным канструктарам экспедыцыйнай месячнай базы-станцыi. З 1982 г. на пенсii, але да 1995 г. працаваў на пасадзе старшага навуковага супрацоўнiка.
I. Пруднiкаў - Лаўрэат Ленiнскай прэмii, узнагароджаны двума ордэнамi Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямi. Памёр у 2005 г.
11 жніўня – 135 год з дня нараджэння (11.08.1884 – канец верасня, пачатак кастрычніка 1941 г.) Роберта Львовіча ГЕНІНА, жывапісца, графіка, мастака-манументаліста
Нарадзіўся Р. Генін у вёсцы Высокае Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні ў сям'і яўрэйскага крамніка. З-за беднасці бацькоў ён жыў у сям'і дзеда
ў суседняй вёсцы Красавічы, а пазней - у чужых людзей. У 8 гадоў Роберт пачаў маляваць, а ў 14 гадоў па парадзе вясковага настаўніка паступіў у малявальную школу ў Вільні. У 1900 г. ён працягнуў вучобу ў Адэскім мастацкім вучылішчы. Адначасова з Геніным вучыліся знакамітыя ў будучыні мастакі Мітрафан Грэкаў, Ісаак Бродскі, Давід Бурлюк, Сцяпан Калеснікаў.
Аднак у 1902 г., на апошнім курсе, Генін кінуў вучобу і з'ехаў у Мюнхен, дзе вучыўся ў школе Антона Ашбе. У 1904-1907 гг. Роберт Генин жыве ў Парыжы і наведвае прыватную школу Рудольфа Жульена і адначасова вышэйшыя курсы ў Сарбоне. У парыжскіх музеях ён адкрыў для сябе мастацтва П'ера Пюві дэ Шаваі і Ханса фон Марэ, якое значна паўплывала на яго дальнейшую творчасць.
У гэтыя гады ён шмат падарожнічаў: пабываў у Францыі, Італіі, дзе вывучаў тэхніку фрэскі, у Егіпце, дзе пасялілася яго малодшая сястра.
Паступова да Р. Геніна прыходзіць вядомасць, перш за ўсё, дзякуючы яго графічным работам, выкананым у розных тэхніках - афорт, сухая іголка, літаграфія, туш, пастэль. Праходзяць яго персанальныя выставы ў мюнхенскай галерэі, Базелі і Кёльне, у Парыжы і Амстэрдаме ў музеі Кунстхаус ў Цюрыху. Да таго ж ён стаў адным з заснавальнікаў Новага сецэсіона ў Мюнхене.
У 1920-1930 гг. мастак выконваў фрэскі для фасадаў грамадскіх будынкаў у Берліне, Берне і АСКОН, удзельнічаў у афармленні камуністычных клубаў ў Францыі.
У 1936 г. Р. Генін вярнуўся ў Расію, у Маскву. Вёў курс фрэскі і жывапісу ў майстэрнях «Пролетарская артель» у Мсцера (Уладзімірская вобл.).
Творы Геніна знаходзяцца ў многіх музейных зборах, у тым ліку ў Мастацкім інстытуце Чыкага, Мастацкім музеі ў Базелі і іншых.
Сёння імя і карціны мастака вяртаюцца ў музеі Беларусі дзякуючы намаганням расійскага калекцыянера Аляксея Радзівонава.
2 жніўня - 100 год з дня нараджэння (1919) Веніаміна Аронавіча МІНДЛІНА, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, камандзіра танкавай брыгады, палкоўніка
Удзельнік падпісання акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. Узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, пражываў у Маскве.
Нарадзіўся Веніямін Міндлін ў пасёлку Міхалін. Пасля вучобы ў СШ № 1 паступіў у Маскоўскі інстытут інжынераў сувязі на ваенны факультэт і атрымаў спецыяльнасць ваеннага інжынера-электрыка. На Вялікай Айчыннай — з ліпеня 1941 года: камандзір асобнага стралковага батальёна марской пяхоты, нам. камандзіра брыгады. Ваяваў на Крымскім і Каўказскім франтах. З ліпеня 1943 года камандуе танкавым палком.
Прыйшлося змагацца на Заходнім фронце, абараняць Севастопаль. Удзельнічаў у бітве на Курскай дузе. Першая баявая ўзнагарода — ордэн Леніна. Таксама ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны, ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Камандаваў Веніямін Міндлін і першай гвардзейскай танкавай брыгадай. Ён адважна вёў сваё падраздзяленне ў атаку на Адэскі плацдарм, на Заселаўскія вышынныя дамы.
Брыгада пад камандаваннем Веніяміна Міндліна, дзейнічаючы ў складзе перадавога атрада мехкорпуса, фарсіравала рэкі Заходні Буг, Сан і Віслу і нанесла праціўніку велізарныя страты, за што была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі і Суворава II ступені. Пры баі на рацэ Сан, Веніямін Аронавіч адбіў моцную контратаку немцаў, якія спрабавалі збіць нашы часткі з плацдарму, пры гэтым было знішчана 8 нямецкіх танкаў і захоплена 10 машын.
Апошнюю бітву падраздзяленне В.А. Міндліна вяло за імперскае ўпраўленне бяспекі ў Берліне. За выдатныя баявыя дзеянні яго частка стала называцца “Бярлінскай”, а яе камандзір атрымаў ордэн Баявога Чырвонага Сцяга.
Веніямін Міндлін неаднаразова прадстаўляўся да прысваення высокага звання “Герой Савецкага Саюза”, аднак яго не атрымаў. Упершыню - у жніўні 1943 г., калі, камандуючы 10-й механізаванай брыгадай, спыніў рух дывізіі СС “Вялікая Германія” і разам з іншымі захапіў г. Кацельба. Другі раз - у верасні 1944 г. за выключную мужнасць, праяўленую ў баях на Сандамірскім плацдарме. У трэці раз - у маі 1945-га — за выключную асабістую мужнасць і ўмелае кіраўніцтва аперацыямі 11-га асобнага цяжкага танкавага палка падчас прыкрыцця флангу 1-й танкавай арміі ў раёне Цыльцефірц - Шыфельбан. І яшчэ два разы — у сувязі з 20-годдзем і 25-годдзем Перамогі над фашысцкай Германіяй.
Пасля вайны палкоўнік у адстаўцы жыў у Маскве. З кастрычніка 1961 г. працаваў старшым інжынерам тэлецэнтра Астанкіна.
У экспазіцыі Клімавіцкага краязнаўчага музея маецца асабістая карта Веніяміна Міндліна, якой ён карыстаўся, і здымак, дзе на спісаных сценах рэйхстага ёсць і такі радок: «БССР 2.5.45 г. Климовичи, гв. п/п – В.А. Миндлин».
11 кастрычнiка – 90 год з дня нараджэння (1929) Аляксея Міхайлавіча ЧЫГРЭЦКАГА, заслужанага будаўніка БССР
Нарадзiўся Аляксей Міхайлавіч у вёсцы Паўлавiчы Клiмавiцкага раёна.
Бацька загiнуў без вестак. Мацi памерла ў 1942 г. У сям’i засталося пяцёра дзяцей. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкiх акупантаў Аляксея аддалi ў Касцюковiцкi дзiцячы дом. У 1947 г. быў накiраваны ў Магiлёўскае рамеснае вучылiшча слесараў. Але праз год Аляксей вырашае змянiць спецыяльнасць i паступае вучыцца ў вучылiшча будаўнiкоў. Пасля заканчэння вучылiшча вяртаецца ў Клiмавiчы. Працуе на будоўлях раёна. Першы час працуе ў ПМК-111, а потым у ПМК-256. Працуючы ў калгасах i саўгасах раёна, узначальваў будаўнiчую падрадную брыгаду. Маючы вялiкi вопыт работы, пры неабходнасцi можа ўказаць на недахопы ў будаўнiчых праектах i прасiць пераглядзець праект. Так было, напрыклад, у саўгасе “Мiлаславiцкi”. Працуючы ў ПМК-256, А.М.Чыгрэцкi перадае свой вопыт будаўнiка маладым працаўнiкам. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалем “За працоўную адзнаку”, дыпломам майстра “Залатыя рукi”.
Ганаровае званне “Заслужаны будаўнік БССР” Аляксею Чыгрэцкаму прысвоена ў жніўні 1973 г.
26 кастрычніка - 100 год з дня нараджэння (1919) Івана Яфімавіча СКАРЫНКІНА, пісьменніка, члена Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь
Нарадзiўся ў вёсцы Тратное Клiмавiцкага раёна Магiлёўскай вобласцi.
У 1935 г. скончыў Мiлаславiцкую сямiгодку, затым вучыўся ў Магiлеўскiм палiтасветтэхнiкуме. У 1939 г. скончыў рабфак пры Мiнскiм iнстытуце народнай гаспадаркi i паступiў у Камунiстычны iнстытут журналiстыкi iмя С.Кiрава ў Мiнску, але не скончыў яго, паколькi ў 1939 г. прызваны ў армiю. З 1939 г. да 1971 г. служыў у Савецкай Армii. Удзельнiчаў у баях на Паўночна-Каўказкiм фронце, у вайне з Японiяй. Пасля заканчэння рэдактарскага факультэта Маскоўскай Ваенна-палiтычнай акадэмii iмя У.Ленiна (1952) служыў у Паўднёвай групе войск на тэрыторыi Польшы як спецкарэспандэнт газеты “Знамя Победы” (1952-58).
Пасля пераезду ў Мiнск быў карэспандэнтам, начальнiкам аддзела газеты “Во славу Родины” Беларускай ваеннай акругi. У 1971 годзе дэмабiлiзавауся. Працаваў старшым рэдактарам рэдакцыi мемуарнай i ваенна-патрыятычнай лiтаратуры выдавецтваа “Беларусь” (1972-86). Як палкоўнiк запасу з 1986 г. пайшоў на пенсiю. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркi, Айчыннай вайны II ступенi, медалямi.
Першыя артыкулы I.Скарынкiна з’явiлiся ў армейскiм друку ў 1950 г. (публiкацыi не выяўлены). Аўтар дакументальных аповесцей “Мацней за сталь”, “Тугiя вятры”, “У смузе палiгоннай”, аповесцi “Права весцi ў бой”, кнiгi нарысаў “Пра што шумяць сосны”, “Завешчана бацькамi”. У сваiх творах ён з зайздросным пастаянствам звяртаецца да мiнулага i сучаснага Савецкай Армii, апяваючы яе ратныя подзвiгi, раскрываючы праблемы мiрных будняў вайскоўцаў. Ведаючы армейскую рэчаiснасць прафесiянальна, здолеў стварыць нямала цiкавых вобразаў радавых воiнаў, афiцэраў, у тым лiку i свайго земляка - генерала армii I.I. Гусакоўскага.
Выступаў з нарысамi i апавяданнямi ў перыядычным друку.