Календарь событий и дат на 2020 год
ЗНАМЯНАЛЬНЫЯ ДАТЫ КРАЯЗНАЎЧАГА КАЛЕНДАРА НА 2020 ГОД :
9 лютага – 185 гадоў з дня нараджэння (1835, в. Максiмаўка) Міхаіла Іосіфавіча Мікешына, знакамітага жывапісца і скульптара, аднаго з аўтараў помніка «Тысячелетие России» ў Ноўгарадзе.
У 1843 г. сям’я Мікешыных пераязжае ў горад Рослаў. Схiльнасцi да малявання праявiлiся вельмi рана.
Пасля заканчэння курса ў павятовым вучылiшчы Мiхаiл быў чарцёжнiкам на будаўнiцтве Маскоўска-Варшаўскай шашы. Здольнасцi юнага мастака былi заўважаны А. А. Валяроўскiм, начальнiкам канторы па будаўнiцтву шашы. Багаты памешчык за свой кошт прывёз Мiкешына ў Пецярбург, дзе 16-гадовы юнак быў прызначаны ў батальны клас прафесара Багдана Паўлавiча Вiлевальдэ Акадэмii Мастацтваў, дзе правучыўся.
1852 - 1858 гады вельмi плённыя ў дзейнасцi М. I. Мiкешына. Ён пiша карцiну аб конных грэнадзёрах, якая, была ўдастоена малога сярэбранага медаля i набыта з выстаўкi Расiйскiм iмператарам. Далей поспехi i ўзнагароды: у 1854 г. - вялiкi сярэбраны медаль, у 1856 г. - малы сярэбраны медаль. У 1858 г. за карцiну «Уезд графа Цiлii ў Магдэбург» - атрыманы вялiкi залаты медаль. За час навучання ў Акадэмii Мiхаiл Iосiфавiч атрымаў усе акадэмiчныя ўзнагароды i быў удастоены звання класнага мастака I ступенi з правам на шасцiгадовае знаходжанне за мяжой за кошт дзяржавы. У 1888 г. па праекту Мiкешына быў узведзены помнiк Б. Хмяльнiцкаму ў Кiеве, пасля - помнiк Кацярыне II у Пецярбургу.
Рана перастала бiцца сэрца патрыёта сваёй Радзiмы - памёр 19 студзеня 1896 года. Пахаваны ў Аляксандра-Неўскай лаўры на Нiкольскiх могiлках.
3 снежня – 170 гадоў з дня нараджэння (1850, в. Судзілы) Судзілоўскага (Русель) Мікалая Канстанцінавіча, беларускага мысліцеля, публіцыста, этнографа, энтамолага, хіміка, біёлага, першага і апошняга энцыклапедыста 20 стагоддзя.
М.К. Судзілоўскі (Русель) валодаў 8 еўрапейскімі, кітайскай і японскай мовамі. Першы прэзідэнт Сенату Гавайскіх вастравоў (1900). Член Амерыканскага таварыства генетыкаў, шэрагу навуковых таварыстваў Японіі і Кітая. Як лекар Судзілоўскі вядомы працамі ў галіне хірургіі, метадаў лячэння туберкулёзу, тэорыі вочных хвароб. Як географ Судзілоўскі адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай частцы Ціхага акіяна. Яго геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпін, апублікаваныя ў 1890-х, увайшлі ў хрэстаматыі і падручнікі для школ і ВНУ.
Памёр у 1930 г.
155 гадоў з дня нараджэння барона Мікалая Мікалаевіча БЭКМАНА (1865, в. Яноўка Клімавіцкі раён)
Вёскай Яноўкай да Кастрычніцкай рэвалюцыі валодалі нашчадкавыя дваране памешчыкі Бэкманы.
Барон Мікалай Мікалаевіч Бэкман нарадзіўся ў 1865 годзе. Аграномлесавод. Доўгі час быў ляснічым ва ўгоддзях князёў Мяшчэрскіх. У 1911 годзе стаў правадыром дваранства ў Клімавіцкім павеце, змяніўшы на пасадзе Сяргея Мікалаевіча Мяшчэрскага. Пасля рэвалюцыйных падзей працаваў аграномам у калгасе. У апошнія гады ён жыў у Рослаўле, дзе і пахаваны.
145 гадоў з дня нараджэння (1875, в. Палошкава) Данііла Парфіравіча Тамашова, знакамітага майстра і рэстаўратара смычковых музычных інструментаў.
Данііл Парфіравіч з 1892 г. навучаўся інструментальнаму майстэрству ў Кіеве ў замежнага майстра з Варшавы Паўла Хілінскага. Хутчэй за ўсё, менавіта там Данііл Тамашоў навучыўся працаваць з дрэвам і здабыў сур’ёзныя пазнанні ў галіне музыкі, фізікі, хіміі, матэматыкі. У 1896 г. наш зямляк пераехаў у Пецярбург і паступіў у майстэрню аўстрыйскага майстра Эрнста Гейсера, у якога на працягу чатырох гадоў працаваў пад кіраўніцтвам француза Агюста Дзідло, вучня найбуйнейшага французскага майстра Жана Батыста Вільёма. Яго творчасць аказала моцны ўплыў на скрыпічнае майстэрства ўсяго свету. Усе вучні Жана Батыста ў той ці іншай ступені запазычылі ад яго прыёмы працы і яго манеру пакрываць лакам інструменты асаблівым спосабам. Набраўшыся досведу ў вялікіх майстроў, у 1901 г. Данііл Тамашоў вярнуўся ў Кіеў і пачаў вырабляць смычковыя інструменты самастойна. Праз пяць гадоў ён пераехаў у Маскву. Тут працаваў у Вялікім тэатры, кансерваторыі і шэрагу іншых музычных устаноў. У музыкаў ён карыстаўся папулярнасцю як выдатны рэстаўратар смычковых інструментаў. У 1911 г. на выставе ў Рыме інструменты Данііла Парфіравіча былі адзначаны залатым медалём. Пазней, у 1926 і 1933 гг, у конкурсах, дзе савецкія скрыпкі спаборнічалі з італьянскімі, першыя месцы былі прысуджаны скрыпцы савецкага майстры Георгія Аляксеевіча Марозава, які ў свой час быў вучнем Данііла Тамашова.
Данііл Парфіравіч памёр 10 сакавіка 1926 года. Згодна прыведзенай інфармацыі ў Музычнай энцыклапедыі, з работ Данііла Тамашова захавалася 26 скрыпак і 3 віяланчэлі. Яны вылучаюцца выдатнай якасцю вырабу, валодаюць моцным, але грубаватым гукам, пакрытыя чырвоным лакам. Адзін з яго інструментаў захоўваецца ў калекцыі рэдкіх музычных інструментаў у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.
19 снежня – 130 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мітрафанавіча ЯНОЎСКАГА (1890, в. Патаронаўка, Клімавіцкі раён), генерал-маёр.
Нарадзіўся Мікалай Мітрафанавіч 19 снежня 1890 года ў в. Патаронаўка. У 1906 годзе пасля заканчэння сельскай школы застаўся ў ёй выкладчыкам. Праз сем год Мікалая прызвалі ў армію. Неўзабаве яго абралі старшынёй Савета салдацкіх дэпутатаў: спачатку палкавога дывізіёна, затым-корпуснага.
У 1918 годзе Мікалай Яноўскі вяртаецца на радзіму і ў жніўні прызначаецца ваенкамам Раднянскай воласці. З мая наступнага года змагаецца на франтах грамадзянскай вайны — спачатку камандзірам батальёна, а затым-камандзірам палка. За праяўленую мужнасць узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Пра павагу салдатаў кажа той факт, што на дзень 35-годдзя байцы падарылі камандзіру бінокль з памятным надпісам. Цяпер ён захоўваецца ў Клімавіцкім раённым краязнаўчым музеі.
Пасля грамадзянскай вайны Мікалай Мітрафанавіч атрымаў прызначэнне на пасаду начальніка ўпраўлення Бранскага тэрытарыяльнага акруга, затым — начальніка аддзела кіравання каманднага і начальніцкага складу Народнага Камісарыята Абароны СССР.
З мая 1937 года ён намеснік Цэнтральнага партыйнага бюро НКА СССР, потым – начальнік курсаў ўдасканалення вышэйшага каманднага складу інтэнданцкай службы ў Харкаве.
Вялікую Айчынную вайну камбрыг Яноўскі сустрэў, праходзячы службу ў Народным камісарыяце абароны СССР.
Пасля вайны, у ліпені 1945 года, яго прызначылі начальнікам цэнтральнай базы – намеснікам начальніка тылу Узброеных Сіл СССР. Праз чатыры гады выйшаў у адстаўку.
Памёр Мікалай Мітрафанавіч 16 мая 1964 года і пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. На магіле-бюст, на якім надпіс: «За мужнасць і гераізм».
19 снежня - 125 гадоў з дня нараджэння Мікалая Іванавіча АРЛОВА.
Нарадзіўся Мікалай Іванавіча 19 снежня 1895 г. у в. Бобрык Забялышынскай воласці (цяпер Клімавіцкі раён) – ваенны дзеяч, генерал-маёр, удзельнік Першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыйнай войнаў, кавалер ордэна Леніна.
3 1915 г. служыў у арміі. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Скончыў курсы каманднага саставу, паскораны курс Акадэміі Генеральнага штаба (1944). Камандаваў ротай, батальёнам, палком. У 1941 г. генерал М.І. Арлоў камандаваў 107-й мотастралковай дывізіяй, ваяваў пад Смаленскам, потым быў адазваны ў Маскву. Удзельнічаў у разгроме немцаў пад Масквой у 1941 г., дзе камандаваў корпусам, якому ў гэтых баях 6ыло прысвоена званне гвардзейскага. У баях пад Масквой быў цяжка паранены. 3 1943 г. працаваў у штабах Закаўказскай ваеннай акругі, з 1945 г. памочнік камандуючага Кіеўскай ваеннай акругі. 3 1955 г. выйшаў у адстаўку па стану здароўя. Узнагароджаны ордэнам Леніна, 5 ордэнамі Чырвонага Сцяга і інш.
Памёр 3 сакавіка 1965 г. у Кіеве.
120 гадоў з дня нараджэння Францыска Іванавіча Асмалоўскага (1900, в. Гірэевічы), летапісца роднага краю.
У 1910 годзе Ф.І. Асмалоўскі скончыў прыхадское вучылішча. У 1914 г. паступіў ў Курскае землямернае вучылішча. За год да яго заканчэння паступіў у горную акадэмію, у якой трэба было вучыцца яшчэ сем гадоў. Паспяхова з адзнакай скончыў акадэмію і быў пакінуты працаваць у Маскве. Потым яго накіравалі галоўным інжынерам шахты ў Горлаўку. Затым пераведзены ў Сызрань на Кашырскі руднік. Потым на доўгіх васемнаццаць гадоў – у Комі АССР. Там і застала яго Вялікая Айчынная вайна.
У 1958 г. Францыск Іванавіч вярнуўся на Радзіму пенсіянерам, без сям’і. Апошнія гады пражываў у Клімавічах. Больш 6-ці гадоў працаваў тут над кнігай «Клімавічы і Клімавіцкі раён».
У 1969 г. Францыск Іванавіч закончыў працу над кнігай. У ёй 176 машынапісных старонак і 24 лісты дадаткаў з апісаннем герба г. Клімавічы, з фотаздымкамі буйнейшых прадпрыемстваў, лепшых будынкаў і славутасцей горада, а таксама людзей, якімі ганарыцца Клімаўшчына. Кніга Асмалоўскага, на жаль, у рукапісе. Па аднаму экземпляру яна захоўваецца ў раённай бібліятэцы і краязнаўчым музеі.
Пакінуў Францыск Іванавіч нашчадкам, акрамя названай кнігі, брашуру «Ахова прыроды», выдадзеную Магілёўскім аддзяленнем таварыства «Веды» у 1968 г.
120 гадоў з дня нараджэння (1905, в. Юр’евiчы) Галайдзiна Рыгора Спiрыдонавiча.
У 1923 г. стварыў камсамольскую арганiзацыю пры Макеевiцкiм сельскiм Савеце, стаў яе сакратаром. З 1924-1925 г. – старшыня Макеевiцкага сельскага Савета, 1925-1926 г. – загадчык зямельнага аддзела Мiлаславiцкага райвыканкама, 1927 – старшыня Мiлаславiцкага сельскага Савета (Мiлаславiцкi раён быў лiквiдаваны) i загадчык камунальнага аддзела Клiмавiцкага райвыканкама. З сакавiка 1927 г. – старшыня калгаса «Ленiнскi шлях» (в. Барысавiчы) да 1929 года. З восенi 1929 г. – сакратар Клiмавiцкага райвыканкама да 1931 г. З 1931 г. – на вучобе ў Маскве. Партыйная работа. У 1960 г. быў першым сакратором Алма-Ацiнскага абкома КПСС.
14 красавіка – 110 гадоў з дня нараджэння (1910) Пруднікава Аляксандра Трафімавіча (псеўданім Алесь), знакамітага беларускага паэта.
Нарадзіўся А.Т. Пруднікаў у сям’i сялян. У трохгадовым узросце страцiў бацьку, якi загiнуў на Першай сусветнай вайне. Будучага паэта разам са старэйшым братам i сястрой гадаваў айчым. У 1925 г. А. Пруднiкаў закончыў пачатковую школу, у 1929 - Мiлаславiцкую сямiгодку, пасля чаго год вучыўся ў Магiлёўскiм Белпедтэхнiкуме. У 1930 г. працаваў рабочым на будаўнiцтве чыгункi, потым - на новабудоўлях Мiнска. З 1931 г. на рэспублiканскай кнiжнай базе, потым стыльрэдактар у Белдзяржвыдавецтве, рэпарцёр у БелТА. Вучыўся на творчым аддзяленнi лiтаратурнага факультэта Мiнскага педагагiчнага iнстытута (1932-1933). У сакавiку 1933 г. быў безпадстаўна арыштаваны, вызвалены ў жнiўнi таго ж года (рэабiлiтаваны ў 1956). Служыў у Савецкай Армii (1933-1935). У 1935-1936 гг. супрацоўнiк Клiмавiцкай раённай газеты «Камуна». У 1936-1938 гг. вучыўся на лiтаратурным факультэце Ленiнградскага настаўнiцкага iнстытута, пасля заканчэння якога працаваў настаўнiкам, завучам Сраскагубскай СШ Пятроўскага раёна Карэльскай АССР, iнспектарам РАНА. Адначасова завочна вучыўся на фiлалагiчным факультэце Карэльскага ўнiверсiтэта. У першыя днi вайны пайшоў у апалчэнне, быў у знiшчальным батальёне, дзе выконваў абавязкi начальнiка разведкi. Загiнуў у час выканання баявога задання ля вёскi Утукi Пятроўскага раёна Карэльскай АССР.
Друкавацца А. Пруднiкаў пачаў з 1930 г. У 1932 г. асобным выданнем выйшла яго паэма «Зямныя зоры». Падборкi вершаў змешчаны ў зборнiку «Крывёю сэрца» (1967) i iнш. Паэта радавалi поспехi краiны, ён i паэтызаваў любоў i дружбу савецкай моладзi, апяваў прыроду роднага краю.
Загiнуў 5 жніўня 1941 г. ў Карэльскай АССР.
115 гадоў з дня нараджэння (1905, г.Клімавічы) Марка Ісакавіча ЛЕЙКІНА.
Нарадзіўся ў 1905 годзе. Дзяцінства яго прайшло ў Клімавічах. У 1925 годзе ён прыехаў у Маскву і паступіў вучыцца ў Баўманскі інстытут на хімічны факультэт. Падчас навучання быў прызваны на год службы ў Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі працягнуў вучобу па хімічнай спецыяльнасці, але ўжо ў Маскоўскім хіміка-тэхналагічным інстытуце. Затым быў пераведзены ў зноў створаную ваенную хімічную акадэмію імя Варашылава. Пасля заканчэння вучобы ў акадэміі па спецыяльнасці «ваенны інжынер-хімік» ён быў пасланы служыць у Чыцінскую вобласць і неўзабаве перабраўся ў г.Чыта. У 1939 годзе Марка перавялі ў Маскву ў Ваенную акадэмію хімічнай абароны.
Па ўспамінах сваякоў, перад вайной Марк Ісакавіч як ваенны інжынер-хімік прымаў удзел у распрацоўцы паліва для новай рэактыўнай устаноўкі, якая атрымала пасля народную назву «Кацюша». За гэтую працу яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Дадзеная ўстаноўка ўпершыню была апрабаваная ў 1941 годзе пры абароне Оршы, дзе потым быў усталяваны помнік, прысвечаны першым залпам «Кацюшы». У 1945 годзе Марку Ісакавічу прысвоілі званне палкоўніка.
Пасля вайны наш зямляк быў пераведзены ў галоўнае артылерыйскае кіраванне і адным з яго заданняў было перавезці з Германіі ў СССР завод, які вырабляў вадкае паліва для нямецкай ракеты «Фау-2».
Працаваў Марк Лейкін у ваенных прадстаўніцтвах на розных прадпрыемствах, кіраваў лабараторыяй у адным з інстытутаў ракетна-касмічнай сістэмы С. П. Каралёва.
За сваю працу Марк Лейкін быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
У 1967 г. сышоў у адстаўку, а ў 1972 г. у сувязі з цяжкім прафесійным захворваннем цалкам пакінуў працу.
105 гадоў з дня нараджэння Івана Мікалаевіча МІГАЛЕНЯ.
Быў лекарам у партызанскім атрадзе № 45 «За Радзіму».
Нарадзіўся Іван Мігаленя у в. Таль Любанскага раёна Мінскай вобласці ў 1915 годзе. Скончыў Мінскі рабфак, а затым – медыцынскі інстытут. Пасля жаніцьбы Івана з жонкай, як маладых спецыялістаў, накіравалі на працу у в. Брацькавічы Касцюковіцкага раёна. Тут і заспела Івана Мікалаевіча Вялікая Айчынная вайна.
Нямецкія ўлады адкрылі бальніцу, у якой можна было лячыць мясцовае насельніцтва. Іван Мігаленя уладкаваўся туды мясцовым лекарам. Акрамя аказання дапамогі жыхарам, ён дапамагаў партызанам.
Першымі пацыентамі былі байцы з атрада Сандзілава, а потым - № 45 «За Радзіму». Пасля бою ва ўрочышчы Хоровынь ў снежні 1942 годзе быў цяжка паранены і сам камандзір атрада Уладзімір Маркаў. Іван Мігаленя перавязаў параненага і схаваў яго ад немцаў у суседняй вёсцы. З тых часоў Іван Мікалаевіч стаў партызанскім лекарам.
Неўзабаве немцы перасялілі сям’ю Мігалені з вёскі Брацькавічы ў вёску Чытавую. Немцы ў ёй з’яўляліся рэдка. Таму доктара свабодна наведвалі партызаны. Ён аказваў ім медыцынскую дапамогу і забяспечваў медыкаментамі. Немцы западозрылі Івана Мікалаевіча ў сувязі з партызанамі, і доктар сышоў у атрад. У ім застаўся да ўз’яднання з часткамі Чырвонай Арміі.
З першых дзён кастрычніка 1943 г. атрад быў расфармаваны.
Пасля вызвалення ў раёне засталося 45 тысяч чалавек, у тым ліку ў г. Клімавічы.
2 кастрычніка 1943 года на пасаду загадчыка раённым аддзелам аховы здароўя прызначаны Іван Мікалаевіч Мігаленя.
100 гадоў з дня нараджэння (1920, в. Слабада) Какашынскага Андрэя Цімафеевіча.
Какашынскі Андрэй Цімафеевіч члена КПСС з 1945 г. З 1937 г. – вучань наборшчыка Клімавіцкай раённай газеты «Камуна», потым яе супрацоўнік. З 1940 па 1946 гг. - служба ў Чырвонай Арміі і актыўны ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. З 1946 г. – карэспандэнт Магілёўскай абласной газеты, рэдактар Клімавіцкай раённай газеты, старшыня абласнога радыёкамітэта. У 1954-1958гг. – старшыня калгаса імя Кірава Клімавіцкага раёна. У 1958-1983 г. – дырэктар племзавода «Ціманава». Шмат увагі ўдзяляў пад’ёму эканомікі саўгаса, укараненню перадавога вопыту. З’яўляецца членам Магілёўскага абкома КПБ і Клімавіцкага райкома КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. Узнагароджаны двума ардэнамі Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі, шматлікімі медалямі.
100 гадоў з часу заснавання цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Пехцерава.
У 1911 г. грамадства распаўсюджвання сярэдняй адукацыi ў Клiмавiцкiм павеце адкрыла грамадскую бiблiятэку. А ў дакументах Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення БССР у статыстычнай справаздачы Калiнiнскай цэнтральнай павятовай бiблiятэкi ў г. Клiмавiчы за 1923 год у графе «год заснавання пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi» значыцца 1920.
У 1944 г. была адкрыта раённая бiблiятэка, якая размяшчалася ў невялiкiм пакойчыку на другiм паверсе напалову разбуранай царквы. Гэтай бiблiятэкай загадваў па сумяшчальнiцтву Iосiф Клiменцьевiч Маневiч.
З 1945 г. загадчыцай бiблiятэкi працавала Баранчук Бася Лазараўна. Кнiгi збiралiся ў жыхароў горада. Той, хто iшоў запiсвацца ў бiблiятэку, павiнен быў прынесцi i падарыць бiблiятэцы кнiгу. Кнiжны фонд на той час складаў 1870 экземпляраў.
Галоўным напрамкам удасканальвання бiблiятэчнага абслугоўвання насельнiцтва стала цэнтралiзацыя дзяржаўнай сеткi бiблiятэк. З красавiка 1976 г. завяршылася цэнтралiзацыя ў нашым раёне. У цэнтралiзаваную бiблiятэчную сiстэму Клiмавiцкага раёна ўвайшлi 40 сельскiх i гарадскiх бiблiятэк.
Раённая бiблiятэка становiцца цэнтральнай.
З 1982 г. сiстэму ўзначальвае дырэктар Антанiна Васiльеўна Сiлiверстава.
З 2012 г. бібліятэку ўзначальвае Таццяна Пятроўна Даменікан.
У 2014 г. бібліятэцы прысвоена імя Івана Пехцерава.
18 студзеня - 100 гадоў з дня нараджэння (1920, в. Патаронаўка) Пятра Паўлавіча Філіпава, рускага савецкага акцёра, заслужанага артыста БССР (1967).
Скончыў акцёрскую студыю пры тэатры імя А. С. Пушкіна (Дамбас, 1940). Удзельнік Айчыннай вайны. З 1946 г. працаваў у тэатрах Кемерава, Ташкента, Фрунзе, Мічурынска, Арла. З 1961 г. у Гродзенскім, у 1968-1965 гг. у Гомельскіх абласных драматычных тэатрах. Выканаўца героіка-драматычных і характарных роляў. Сярод іх: Дзяржавін («Сябры і гады» Л. Зорына), Рубцоў («Перабежчык» А. і П. Тур), Барэйка («Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава), Яраш («Сэрца на далоні» паводле І. Шамякіна), Чаркун («Варвары» М. Горькага), Ляскавец («Першы ўрок» К.Губарэвіча) у Гроденскім тэатры; Чабуткін («Тры сястры» А.Чэхава), Дзядзька Вано («Не трывожся, мама!» паводле Н.Думбадзэ), Зянон Раговіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С. Грахоўскага), Каравай («Таблетку пад язык» А. Макаёнка), акадэмік Карэяў («Залатая карэта» М. Лявонава), Скарапад («Усяго адно жыццё» А. Маўзона), Бармін («Антаніна» Г. Мамліна – у Гомельскім тэатры.
Пражываў у Маскве. Памёр у 2005 годзе.
17 лютага - 95 гадоў з дня нараджэння (1925) Георгія Іванавіча Яшына, прафесійнага хірурга.
Майстар спорту па мястэчках, прафесійны хірург, вядомы на Клімаўшчыне ўрач, доўгі час працаваў урачом-анколагам ў цэнтральнай раёнай бальніцы. Памёр у 2011 годзе.
13 красавіка – 95 гадоў з дня нараджэння (1925, г. Клімавічы) Майсея Вольфавіча Лянглебена, савецкага жывапісца, графіка.
Лянглебена М.В. скончыў Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава. Вучыўся ў С. Герасімава, Г. Ражскага, П. Пакаржэўскага, В. Фаварскага. З 1995 года член Саюза мастакоў СССР. Удзельнік шматлікіх выстаў, арганізаваных Саюзам мастакоў. Працаваў у асноўным у жанры партрэта.
16 жніўня – 95 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Васільевіча КАВАЛЁВА (1925, в. Дубравіца Клімавіцкі раён), дзяржаўнага дзеяча БССР, заслужанага будаўніка БССР (1964 г.),
старшыні Савета Міністраў БССР (1982-1990 г.).
Удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны.
Закончыў Ленiнградскi горны iнстытут (1954). З 1948 г. рабочы Мiнскага маторнага завода, з 1954 г. майстар, прараб, начальнiк будаўнiчага ўпраўлення, кiраўнiк будтрэста ў Мiнску i Салiгорску. З 1966 г. намеснiк мiнiстра будаўнiцтва БССР. У 1967-1977 гг. старшыня Мiнскага гарвыканкама, у 1977-1978 гг. 1-ы намеснiк старшынi Дзяржплана БССР, з 1978 намеснiк, 1983 г. – 1-шы намеснiк, у 1986-1990 гг. старшыня Савета Мiнiстраў БССР, член ЦК КПБ у 1971-90 гг., ЦК КПСС у 1986-90 гг., дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1970-1990 гг., СССР у 1984-1991 гг.
Памёр 5 ліпеня 2007 г.
10 сакавiка – 90 гадоў з дня нараджэння (1930, в. Гусарка) Храмянкова Васiля Iванавiча, паэта.
Нарадзiўся В.І. Храмянкоў 10 сакавiка 1930 г. ў в.Гусарка Клiмавiцкага раёна, дзе і прайшло амаль усё яго жыццё. Скончыўшы школу, паступіў у Магілёўскі педагагічны інстытут.
Усё сваё жыццё ён працаваў на педагагічнай ніве: настаўнікам гісторыі ў Гусарковской школе, доўгі час быў яе дырэктарам.
У 1976 г. ён стаў загадчыкам раённага аддзела адукацыі. Затым да самай пенсіі працаваў дырэктарам трэцяй школы і выкладаў гісторыю. У Васіля Іванавіча было шмат захапленняў: ўмеў рабіць мэблю, апрацоўваць дрэва і вырабляць з яго дзіўныя рэчы. Ён быў печніком і садоўнікам, пчаляром і сталяром. Добра ведаў сялянскае жыццё.
Самым вялікім захапленнем у яго жыцці была паэзія і музыка. Ім напісана шмат вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік “Каскад душы”, а гэтак жа паэма “Гусарка”. На вершы Васіля Іванавіча заслужаны дзеяч культуры Беларусі Л.І.Ячнеў напісаў некалькі песен.
Пісаў У.І. Храмянкоў на рускай і беларускай мовах.
07.07.1993 г. цяжкая хвароба абарвала жыццё гэтага выдатнага чалавека.
25 чэрвеня – 85 гадоў з дня нараджэння (1935, в. Вялікі Мох) Кавалёва Мікалая Мікалаевіча, паэта.
Вучыўся М.М. Кавалёў у Мілаславіцкай школе. Потым паступіў у Новачаркаскі геолагаразведчы тэхнікум, які закончыў у 1953 г. Жыў і працаваў у 5-ці рэспубліках былога Савецкага Саюза.
Пасля заканчэння ў 1968 г. Маскоўскага вышэйшага тэхнічнага вучылішча імя Н. Э. Баўма працаваў на многіх прадпрыемствах, выкладаў.
Імкненне ўзняцца на літаратурны Алімп ён прыняў ужо ў сталым узросце. Ва Украіне выдадзена яго першая паэтычная кніга «Откровение».
Вярнуўся паэт на радзіму ў 2007 г. Друкуе свае вершы на старонках раённай газеты «Родная ніва».
80 гадоў з дня нараджэння (1940, в. Фядотава Буда Клiмавiцкага раёна) Мiхаiла Рыгоравiча Дарашкова, заслужанага работнiка культуры Рэспублiкi Беларусь.
Мiхаiл Рыгоравiч Дарашкоў заслужаны работнiк культуры Рэспублiкi Беларусь, лаўрэат прэзiдэнцкай прэмii 1998 г. за шматгадовы ўклад у развiццё мiжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь. 1956-1961 гг. – калгаснiк калгаса «Шлях да камунiзму» Клiмавiцкага раёна. У радах Савецкай Армii служыў з 1961 па 1965 г. Пасля службы працаваў шафёрам Чавускага вузла сувязi i раённага аб’яднання «Сельгастэхнiка». З 1965 па 1967 г. працуе iнструктарам Чавускага РК ЛКСМБ, потым iнжынерам па тэхнiцы бяспекi саўгаса «Раста» Чавускага раёна (1967-1968). У 1970 г. скончыў Магiлёўскi дзяржаўны педагагiчны iнстытут. У 1975 г. – Мiнскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў загадчыкам арганiзацыйнага аддзела Краснапольскага РК КПБ (1975-1978). У 1978 г. - iнструктар аддзела арганiзацыйна-партыйнай работы Магiлёўскага РК КПБ. 1978-1985 гг. - другi сакратар Чавускага РК КПБ. З 8 кастрычніка 1985 года працаваў начальнiкам упраўлення культуры Магiлёўскага аблвыканкама. Жыў ў Магiлёве. Памёр 25 студзеня 2009 года.
80 гадоў з дня нараджэння (1940, в. Мілаславічы) Віктара Рыгоравіча Ермачэнка.
Віктар Рыгоравіч Ермачэнка - старэйшы інжынер, начальнік аддзела гідраграфічнага прадпрыемства Міністэрства марскога флоту СССР, удзельнік навукова-эксперыментальнага рэйса атамнага ледакола «Арктыка» да Паўночнага полюсу. Узнагароджаны знакам «Ганаровы палярнік» за працу ў Арктыцы.
22 студзеня - 80 гадоў з дня нараджэння Лідзіі Мініч (Андрэева), (1940, в. Рэкта), паэтэсы.
Нарадзілася Лідзія Мініч (у дзявоцтве Галкоўская) 22 студзеня 1940 года ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Клімавічах, затым вучылася на заатэхнічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля вучобы ў аспірантуры ў 1969 г. перайшла на навукова-выкладчыцкую працу, выкладала на зааінжынерным факультэце акадэміі.
Вершы пачала пісаць пасля выхаду на пенсію. Выходзяць яны пад псеўданімам Андрэева. Першыя яе творы з’явіліся ў 1999 г. на старонках раённай газеты «Ленінскі шлях». У 2005 з’явіўся першы зборнік «Спяшу сказать…». Усяго выйшла шэсць паэтычных зборнікаў аўтара: «Жыватворная крыніца» (2007), «Мая сям’я ад А да Я: вершы для дзяцей» (2010), «Споведзь» (2010), «На хвалях вечнасці: міфы і легенды ў вершах» (2012), «І боль, і мары, і любоў» (2013).
17 лютага - 60 гадоў з дня нараджэння Генадзя Васільевіча ЛЯПУНАВА (1960, в. Вялікі Мох) першага намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Генадзій Васільевіч першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, галоўны дарадца прэм’ер-міністра па будаўнічых і камунальных пытаннях, начальнік ДУ «Галоўнае гаспадарчае кіраванне».
Нарадзіўся ў 1960 годзе ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці.
У 1983 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, у 1993 годзе – Акадэмію кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Працаваў начальнікам ПМК-7 аб’яднання «Смаленскмеліярацыя» у Смаленскай вобласці (Расія).
У 1996-2001 гадах – дырэктар Клімавіцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства «Камунальнік».
З 2001 года – намеснік начальніка, з 2004 – начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскага воблвыканкама.
З 2006 года – першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
1 красавіка - 55 гадоў з дня нараджэння (1965, в. Высокае) Рамана Мікалаевіча Рогалева, воіна-інтэрнацыяналіста, які загінуў у Афганістане.
Рогалеў Р.М. у Савецкай Арміі з 9 кастрычніка 1983 г. У рэспубліцы Афганістан знаходзіўся з 1984 г. (старэйшы разведчык ВППП 480590).
20 ліпеня 1985 г. пры ўвядзенні баявых дзеянняў у правінцыі Каніса дзейнічаў у групе, якой была пастаўлена задача заняць пануючую вышыню і забяспечыць дзеянне 2-й парашутна-дэсантнай роты. Пры выдвіжэнні група была абстрэлена душманамі і ўступіла ў бой, у ходзе якога радавы Рогалеў Раман Мікалаевіч загінуў.
За добрасумленнае выкананне інтэрнацыянальнага абавязка Рогалеў Раман Мікалаевіч быў адзначаны наступнымі ўзнагародамі: медалямі «За адвагу», «Воіну – інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа», ордэнам «Чырвонай Зоркі». У раёне праходзяць спартыўныя спаборніцтвы сярод моладзі на прыз воіна-інтэрнацыяналіста Р. Рогалева. У цэнтры горада Клімавічы ў 2002 г. пабудаваны помнік воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі ў Афганістане – Віктару Уладзіміравічу Бельскаму і Раману Мікалаевічу Рогалеву.
11 чэрвеня - 55 гадоў з дня нараджэння (1965, в. Лобжа) Аляксандра Уладзіленавіча Котава, ганчара-кераміста.