Паэты застаюцца жыць
Да 80-годдзя з дня нараджэння Івана Ягоравіча Пехцерава
Нарадзіўся Іван Ягоравіч 8 студзеня 1938 года ў вёсцы Недзведзь у сялянскай сям’і.
Закончыўшы школу з залатым медалем, юны паэт паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Яго сябрамі былі Рыгор Барадулін, Янка Сіпакоў, Барыс Саўчанка... А сярод калегаў па пяру – Васіль Зуёнак, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў, Іван Пташнікаў, Генадзь Бураўкін і многія іншыя зараз вядомыя пісьменнікі. Пасля ўніверсітэта Іван Пехцераў адправіўся працаваць журналістам ў Расію, на радзіму продкаў па бацькоўскай лініі. На дзесяць гадоў лёс звязаў яго з Поўначчу.
З 1970 года працаваў на Магілёўскім радыё. Быў рэдактарам Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці.
Іван Пехцераў – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года - 2002”, прэміі Магілёўскага гарвыканкама “Дасягненне”, літаратурнай прэміі імя Аляксея Пысіна абласнога адзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Свой першы верш ён напісаў яшчэ ў сем гадоў. Натхнілі яго на гэта казкі Пушкіна, духоўныя народныя песні, якіх нямала ведала яго маці Яўгенія Фёдараўна і вельмі добра спявала. У 1954 годзе газета “Піянер Беларусі” надрукавала верш Івана Пехцерава “Комсомольский билет”. Гэта акрыліла аўтара. З таго часу стаў часта выступаць на старонках гэтай газеты, а затым і “Зорьки” – з вершамі і карэспандэнцыяй пра жыццё роднай школы.
Прозвішча Івана Пехцерава можна было сустрэць на старонках газет “Правда”, “Сельская жизнь”, часопісаў “Культура”, “Нёман”, “Алеся”, “Огонек”, “Север” і іншых папулярных выданняў.
Наш зямляк мае 14 кніг вершаў і паэм. Асобна выдадзены два зборнікі нарысаў і дзве аповесці. На яго вершы напісана больш за 100 песень.
На Поўначы выйшла першая кніга паэта “Лебеди летят на север”. У наступныя гады выдаў кнігі вершаў і паэм “Обостренным сегодняшним зрением”, “Любовь и смерть”, “Белый праздник берез”, “Здравствуй, Пушкин”, “Луговые росы”, “Святыни сердца моего”, “Васильковое слово полей”, “Окно во все времена”. У 2004 годзе асобным выданнем выйшла мастацка-дакументальная аповесць “Мертвые сраму не имут”. У 2012 годзе творчую спадчыну пісьменніка папоўніла новае выданне – книга паэзіі і прозы “Свет Родины”. Аўтар прысвяціў яе 2000-годдзю бітвы пад вёскай Салтанаўка Магілёўскага раёна. Яна паказвае гераізм і доблесць нашага народа ў розныя часы. І.Пехцераў таксама аўтар кнігі нарысаў аб дзеячах культуры Магілёва і вобласці.
Іван Ягораівч быў актыўным ўдзельнікам творчых конкурсаў сярод паэтаў, кампазітараў, мастакоў, якія штогод праводзіць Упраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама, і з’яўляўся неаднакратным яго пераможцай.
Хоць жыў Іван Ягоравіч у абласным горадзе, ніколі не забываўся на малую радзіму, знаходзіў тут тэмы ды натхненне для паэтычнай творчасці. Сваёй Недзведзі, яе людзям, вясковым краявідам паэт прысвяціў нямала вершаў – светлых, шчымлівых, у якіх заўсёды цёплым агеньчыкам ззяла сыноўская любоў. Ён уславіў прыгажосць чалавечай душы і родных палёў далёка за межы сваёй малой Радзімы.
Нярэдка свае новыя творы Іван Пехцераў адсылаў спачатку на суд землякоў – у Клімавіцкую раённую газету “Родная ніва”, пазаштатным аўтарам якой з’яўляўся некалькі дзесяцігоддзяў. Таксама ён тэлефанаваў і ў раённую бібліятэку, заўсёды бадзёрым, аптымістычным голасам цікавіўся мясцовымі навінамі.
На вялікі жаль, на 76-м годзе жыцця, у лютым 2013 года, перастала біцца палымянае сэрца паэта, але яго вершы працягваюць жыць, выконваючы сваё святое прызначэнне – садзейнічаць духоўнай сувязі паміж людзьмі.