Currently viewing: Главная » Инфоресурсы » Виртуальные выставки »Паэт складнага лёсу

Поиск


Виртуальные выставки

14 ліпеня 2016 года 105 год з дня нараджэння П.І. Пруднікава
(1911—2000),
беларускага пісьменніка

 

Павел Іванавіч Пруднікаў нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям’і ў в. Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці, якая ў тыя часы шырока славілася ў наваколлі сваімі ганчарамі. 3 дня нараджэння і да сапраўднага паўналецця ён быў звязаны з працай у полі. Пачатковую школу закончыў толькі ў пятнаццаць гадоў. 3-за грамадзянскай вайны вучыўся па месяцу, па два кожны год у розных школах суседніх вёсак. Працягваў адукацыю ў Мілаславіцкай сямігодцы, дзе зарэкамендаваў сябе “школьным паэтам”, быў старастам літгуртка, удзельнікі якога вялі перапіску з членамі філіі БелАППа пры Мсціслаўскім педтэхнікуме.
Рана падаўся Павел “у людзі”. Працаваў шахцёрам-металургам у Данбасе, на будаўніцтве чыгункі Асіповічы—Магілёў—Рослаў, Магілёўскай шаўковай фабрыцы, на рэспубліканскай кніжнай базе ў Мінску, грузчыкам на чыгуначнай станцыі, у рэспубліканскім перыядычным друку, рэпарцёрам у БелТА, на радыё.
Шмат дала маладому паэту вучоба ў Ленінградскім педінстытуце. П.Пруднікаў узбагачае сябе ведамі ў розных галінах навукі, культуры і мастацтва, наладжвае сувязь з беларускай секцыяй Ленінградскага аддзялення СП СССР. На духоўнае развіццё паэта дабратворна паўплывала знаёмства з выкладчыкам інстытута прафесарам К.А.Пушкарэвічам, беларусам па паходжанні, вучнем Я.Ф.Карскага.
Пасля заканчэння ВНУ ў 1937 г. П. Пруднікаў стаў аспірантам Інстытута славяназнаўства АН СССР. Аднак “замест славянскіх моў я доўгі час на практыцы вывучаў усходнія і паўночныя раёны нашай краіны і іх багацці. Каля двух дзесяткаў гадоў я быў адарваны ад грамадскага і літаратурнага жыцця”, — успамінаў пісьменнік у аўтабіяграфіі. Яму давялося жыць і працаваць у Бурацкай АССР, Іркуцкай і Омскай абласцях, Краснаярскім краі.

 П.Пруднікаў настаўнічаў на Смаленшчыне, з 1952 г. перабраўся ў Беларусь у Слабадскую школу Браслаўскага раёна. «Гэтаму маляўнічаму краю, асабліва вёсцы Слабодцы, я многім абавязаны. Там аднавіў сваю літаратурную дзейнасць, узбагаціўся новымі тэмамі для сваіх будучых твораў, там вучыў людзей і сам вучыўся ў іх, там напісаў і падрыхтаваў да друку новую кніжку вершаў “Час майго нараджэння”. Увесь час працы на Браслаўшчыне пісьменнік быў цесна звязаны з рэдакцыяй райгазеты «Браслаўская звязда», дзе ўзначальваў створанае ім літаб’яднанне.

У 1968 г. П. Пруднікаў пераехаў у Мінск, вярнуўся на рэдакцыйную работу. Тры гады працаваў старшым рэдактарам бюлетэня “Служба быту Беларусі”, пасля чаго ў кастрычніку 1971 г. пайшоў на пенсію і стаў займацца выключна літаратурна-творчымі справамі, не забываючы ні на школы, ні на рэдакцыі.
Пісаць вершы П. Пруднікаў пачаў рана. Ад самых дзіцячых гадоў быў неабыякавы да мастацкага слова. У рэспубліканскім друку дэбютаваў вясной 1930 г., калі газета “Піянер Беларусі” надрукавала яго верш “На вакацыі”. Малады паэт выступаў пад сугучным часу псеўданімам Паўлюк Буравей.

У 1932 г. выйшла пазначаная прыкметамі часу кніжка “Песні грузчыкаў” (разам з Я.Субачам), асноўны лейтматыў якой — услаўленне ўдарнай працы і працоўнага энтузіязму. Пасля доўгага перапынку зноў пачаў друкавацца ў 1959 г. Кніга “Час майго нараджэння” (1968) стала адначасова і вяртаннем імя і, па сутнасці, прыходам у літаратуру новага паэта.
 Паэзія П.Пруднікава распроствала крылы для новых узлётаў. Публіцыстычны напал, страсная прага праўды ўзрасталі ад кнігі да кнігі: “Прысады” (1979), “Мая магістраль” (1981), “Заасцёр’е” (1986).


Кніга “Далёкае, але не забытае” (1988) змяшчае ўспаміны пра памятныя сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, асвятляе літаратурнае жыццё далёкага, але блізкага нам сваёй духоўнай сутнасцю часу.
У 1980 г. з’явіўся верш “Памяць”, бо не давала спакою перакананасць, што нешта не дагаварыў, не данёс усю праўду, якую ведаў. I самі гады падганялі. Спяліліся “познія ягады” яго паэзіі. Познія ж ягады заўсёды з гарчынкай. Гарката, ды яшчэ якая, і ў паэме “Таймыр” (“Познія ягады”, 1990), і ў аповесцях “Яжоўскія рукавіцы”, “Паўночнае пекла” (“За калючым дротам”, 1993), і ў паэме-аповесці “Кожны другі” (“Пароша”, 1996).

 

Апошнія кнігі пісьменніка — гэта споведзь перад сваім пакаленнем і пакаленнем сённяшнім, споведзь перад часам і ў пэўнай ступені падрахунак уласных дарог:

Больш паўвека таіў у грудзях
Невыносную горыч і муку...
Гэта споведзь душы і працяг
Тых пакут, што данёс я да ўнукаў.

Ёсць у П. Пруднікава і такое прызнанне: “На жыццёвых сцежках-кручах я душой не выцек...”. Душа паэта спагадна на дабро, яна заўсёды прымала спагаду, адмаўляла ж хцівасць, здраду і подласць. Гэтаму навучылі жыццёвыя вёрсты любові і нянавісці. Паважаны ўзрост даваў права па-гаспадарску ацаніць зробленае і пражытае. I мы не можам не пагадзіцца з Паўлам Іванавічам, калі ў адным з яго апошніх вершаў чытаем:

3 гонарам скажу сваім нашчадкам:
Недарэмна я прайшоў свой век,
Пры любых рэжымах і парадках
Я трымаў сябе, як чалавек.

 

Аб жыцці і творчасці пісьменніка

Аношкiн, I. Паэт складанага лёсу / Іван Аношкін // Магiлёўская праўда. — 1991. — 13 лiпеня.
Базарэвiч, М. Ад родных нiў / М. Базарэвіч // Родная нiва. — 1996. — 27 лiпеня.
Клімавіцкія краязнаўчыя чытанні : зборнік матэрыялаў. — Вып. 2. — Клімавічы, 2006. – С. 13.
Кухараў, П. У творчай дарозе / П. Кухараў // Настаўніцкая газета. — 1991. — 13 лiпеня.
Маракоў, Л. Праз сорак смерцяў / Л. Маракоў // ЛiМ. — 2000. — 28 красавiка. — С. 14—15.
Марцiновiч, А. Вёрстамi любвi i нянавiсцi / А. Марціновіч // ЛiМ. — 1991. — 19 лiпада. — С. 13.
Марцiновiч, А. Ёсць гусiнае возера… / А. Марціновіч // Родная нiва. — 2001. — 27 ліпеня (№29). — С. 6—7.
Пруднікаў Павел // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 442—443.
Пруднікаў Павел // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. — Т. 5. — С. 59—62.
Пруднікаў Павел Іванавіч // Энцыклапедыя літаратура і мастацтва Беларусі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. — Т. 4. — С. 388.
Пруднікаў, П.І. Далёкае і блізкае : старонкі з успамінаў //
Вытокі песні : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. — С. 226—238.
Пруднікаў, П.І. Далёкае і блізкае: Старонкі з успамінаў //
Пруднікаў П.І. Мая магістраль. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. — С. 213—234.
Пруднікаў, П.І. Праз сорак смерцяў : [апошняя гутарка з паэтам] /
Вёў Л.Маракоў // ЛіМ. — 2000. — 28 красавіка (№ 17). — С. 14—15.
Садоўская, Ю. А. Шлях пачынаўся з вёскi Стары Дзедзiн / Ю. Садоўская // Новае жыццё. — 1986. — 15 лiпеня.
Сталяроў, I. Сёння беларускаму паэту Паўлу Пруднiкаву – 70 год / І. Сталяроў // Новае жыццё. — 1981. — 14 лiпеня. — С. 4.

 

 

Пруднікаў, П. Далёкае, але не забытае : успаміны / Павел Пруднікаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 175 с.

На доўгай жыццёвай і творчай дарозе старэйшага беларускага пісьменніка Паўла Пруднікава многа цікавых і памятных сустрэч з класікамі беларускай літаратуры Я. Купалам, Я. Коласам, Ц. Гартным, К. Чорным. Кніга расказвае пра гэтыя сустрэчы, асвятляючы літаратурнае жыццё далёкага, аднак блізкага нам сваёй духоўнай сутнасцю часу.

 

Пруднікаў, П. За калючым дротам : аповесці / Павел Пруднікаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 272 с.

У аповесцях “Яжоўскія рукавіцы” і “Паўночнае пекла”, якія складаюць гэтую кніжку, Павел Пруднікаў імкнецца расказаць сённяшняму чытачу суровую праўду пра яжоўска-берыеўскія турмы і лагеры. Аўтар кіруецца адным жаданнем, каб тое, пра што ён апавядае на старонках кніг, ніколі больш не паўтарылася.

 

Пруднікаў, П. Крыніцы : Выбранае : вершы і паэмы / Павел Пруднікаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 334 с. : іл.

Гэта кніга вынік шматгадовай творчай працы аўтара. Сюды ўвайшлі вершаваныя творы з папярэдніх кніг – “Песні грузчыкаў”, “Час майго нараджэння”, “Прысады”, “Мая магістраль”, “Заасцёр’е”, “Познія ягады”.

 

Пруднікаў, П. Мая магістраль : Выбранае : вершы, успаміны/ Павел Пруднікаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. – 239 с.

У зборнік выбраных вершаў аднаго са старэйшых беларускіх паэтаў увайшло ўсё лепшае, што напісана ім за доўгае творчае жыццё.

Заключаюць зборнік аўтабіяграфічныя нататкі “Далёкае і блізкае”.

 

Пруднікаў, П. Познія ягады : вершы, паэмы/ Павел Пруднікаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. – 158 с.

Складаны і цяжкі жыццёвы шлях прайшоў лірычны герой вершаў П. Пруднікава. Ён зрадніўся з многімі куткамі нашай краіны, але больш за ўсё любіць зямлю сваіх продкаў – Магілёўшчыну.
У аўтабіяграфічнай паэме “Таймыр” расказваецца пра жорсткую несправядлівасць сталінскіх рэпрэсій, пра цяжкія ўмовы жыцця зняволеных.

Паэма “Запозненае прасвятленне” прысвечана барацьбе за цвярозвасць і здаровы быт.

 

Пруднікаў, П. Прысады : вершы / Павел Пруднікаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. – 80 с. : іл.

Павел Пруднікаў уступіў у літаратуру яшчэ на пачатку трыццатых гадоў. Гэта чалавек багатага жыццёвага вопыту. Паэт шмат ездзіў па краіне. Яго назіранні, роздум і леглі ў аснову гэтага зборніка, прасякнутага адданасцю Радзіме, партыі, чалавеку працы.

 

Пруднікаў, П. Час майго нараджэння : вершы, паэмы/ Павел Пруднікаў. – Мінск : Беларусь, 1968. – 108 с.

У гэтай кнізе – шматгадовае жыццё і творчая праца яе аўтара. Сюды ўключаны вершы, напісаныя ім на працягу больш трыццаці гадоў. Гэта творы аб Радзіме, беларускай прыродзе, любві да роднай зямлі. Асабліва вылучаюцца вершы паэта пра Браслаўшчыну, яе цудоўныя азёры, пра тыя мясціны, дзе жыў і працаваў П. Пруднікаў вясковым настаўнікам.