Currently viewing: Главная » Инфоресурсы » Виртуальные выставки »Жыццё пачынайце ізноўку любіць

Поиск


Виртуальные выставки

Жыццё пачынайце ізноўку любіць

23 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, лаўрэата дзяржаўных прэмій СССР і БССР, ганаровага акадэміка НАН Беларусі Пімена Емяльянавіча Панчанкі.

 

Па ўспамінах паэта, яго бацькі, якія паходзілі з вёскі Гедэйкі Ашмянскага павета Віленскай губерніі, як і многія тагачасныя беларускія сяляне яшчэ задоўга да Першай сусветнай вайны з’ехалі ў Прыбалтыку ў пошуках заробку. Пасяліліся ў Рэвелі (зараз Талін). Там знайшлі працу на судабудаўнічым заводзе. А неўзабаве 23 жніўня 1917 года тут з’явіўся на свет і будучы народны паэт.
У Бягомлі Пімен Панчанка атрымаў сямігадовую адукацыю. У 13 гадоў упершыню трапіў у Мінск як дэлегат першага Усебеларускага слёту піянераў. З Бягомля сям’я Панчанкаў пераехала ў Бабруйск, дзе бацькі ўладкаваліся на працу на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Некаторы час там працаваў рабочым і шаснаццацігадовы Пімен. Потым юнак скончыў 6-месячныя курсы па падрыхтоўцы ў ВНУ ў Горках, а пазней - аднагадовыя педагагічныя курсы ў Бабруйску. 
На працягу пяці гадоў (1934-1939) Пімен Панчанка настаўнічаў у Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці, дзе выкладаў мову і літаратуру і адначасова завочна вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, які скончыў у 1939 г. Праца сельскага настаўніка была вельмі напружанай, бо акрамя выкладання ўрокаў у школе трэба было весці вялікую пазакласную, лектарскую і грамадскую работу, напрыклад удзельнічаць у перапісе насельніцтва, жывёлы, землеўпарадкаванні і г.д., затое дзякуючы гэтаму набываўся пэўны жыццёвы вопыт. У канікулярны час, прыязджаючы ў Мінск, Пімен Панчанка цалкам аддаваўся заняткам у інстутуце, наведваў тэатры, кіно, кнігарні, бібліятэкі. Перачытаў усіх класікаў, якія ўваходзілі ў абавязковую інстытуцкую праграму, а таксама і пазапраграмную літаратуру, але, як сам прызнаваўся, не мог спатоліць літаратурны голад. Прыярытэтамі для Панчанкі тае пары былі “Ціхі Дон” М. Шолахава і “Разгром” А. Фадзеева, “Хаджэнне па муках” А. Талстога і артыкулы М. Горкага, а таксама цікавілі Ніцшэ, П. Раманаў і І. Бабель, вабіла паэзія У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага, М. Святлова, А. Твардоўскага, А. Пракоф’ева  і інш. 
Асабліва цікавым і карысным для Пімена Панчанкі было наведванне Дома пісьменніка, дзе можна было ўбачыць і паслухаць жывых класікаў беларускай літаратуры Купалу і Коласа, пазнаёміцца з іншымі беларускімі літаратарамі. Тым больш што і сам Панчанка ўжо трымаў паэтычнае пяро: у 1934 годзе ў альманаху “Ударнікі” пад псеўданімам Алесь Загорны была апублікавана яго першая паэтычныя спроба - верш “Ураджайнае”, а ў 1938 годзе ўбачыла свет і першая кніга паэта пад назвай “Упэўненасць”, якая змяшчала 31 верш. У тым жа 1938 годзе, вясной, ён быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў.  Па заканчэнні інстытута Пімен Панчанка пераехаў у Мінск, а ў 1939-м быў прызваны ў армію, апынуўся ў Заходняй Беларусі ў Беластоку, дзе служыў у армейскай газеце. У 1940 годзе Дзяржаўнае выдавецтва пры СНК БССР выпусціла яго другі паэтычны зборнік “Вераснёвыя сцягі”. 
Там жа, у Беластоку, яго напаткала і Другая сусветная вайна. Падчас яе Пімен Панчанка працаваў спачатку ў франтавой газеце “Красноармейская правда”, а з ліпеня, калі была створана газета “За савецкую Беларусь”, стаў яе супрацоўнікам. Па успамінах пісьменніка, калектыў рэдакцыі быў невялікім: М. Лынькоў, К. Крапіва, І. Гурскі, П. Глебка, В. Барысенка, А. Стаховіч, але зладжаным. Пазней да іх далучыліся прыехаўшыя з Масквы М. Танк, П. Броўка, А. Кучар. Са сваёй газетай пісьменнікі-журналісты пабывалі і пад Смаленскам, і пад Вязьмай, і пад Гомелем, і пад Варонежам, і пад Бранскам. У гады ваеннага ліхалецця Пімен Панчанка працаваў таксама карэспандэнтам газет “За свабодную Беларусь” (1942 г., Калінінскі фронт), “Героический штурм” (1943 г., Паўночна-Заходні фронт), прымаў удзел у рабоце Пленума Саюза пісьменнікаў Беларусі ў жніўні 1942 года. 
 Як успамінаў паэт, “пісьменнікі-франтавікі складалі вершы, пісалі апавяданні, артыкулы, нарысы, лістоўкі, сачынялі нешта гумарыстычнае, але сэрца вельмі балела за родную Беларусь, за свой народ, за сваіх блізкіх”. У гады вайны ўбачылі свет зборнік франтавых вершаў паэта “Тебе, Беларусь!” (1942) у перакладзе на рускую мову, паэтычная кніга “Дарога вайны” (1943) і шмат вершаў, што друкаваліся на старонках армейскіх і франтавых газет. 
У 1944 годзе ваеннага журналіста Пімена Панчанку накіроўваюць у складзе часцей Чырвонай Арміі ў Іран, дзе ён прабыў два гады. Уражанні аб знаходжанні ў гэтай краіне склалі змест цыкла вершаў пад назвай “Іранскі дзённік”. 
Па звароце на радзіму пісьменнік актыўна працаваў у складзе рэдакцый газет і часопісаў: “Вожык”, “Літаратура і мастацтва”, “Советская Отчизна” (цяпер часопіс “Нёман”), “Маладосць”. У 1966 годзе быў абраны сакратаром Праўлення СП БССР, членам Праўлення СП СССР (1968), з 1989 года стаў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра.
Пасляваенная творчасць паэта вызначаецца вялікай разнастайнасцю тэм, якія закранаюць самыя розныя бакі паўсядзённага жыцця. Вершы Пімена Панчанкі прасякнуты любоўю да чалавека, роднага краю, роднай мовы. 
З нянавісцю ставіцца паэт да ўсяго таго, што перашкаджае яго сучасніку добра жыць, працаваць. Ён выступае супраць такіх негатыўных праяў, як зайздрасць, паказуха, прыстасавальніцтва.
Панчанка ўвесь час думаў аб адказнасці паэта. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: “У наш складаны суровы час сорамна займацца вершаванымі забаўкамі, засядацельскай мітуснёй, корпацца ў мішуры прывіднай славы і дробязных крыўдаў. Для мяне самае каштоўнае ў паэзіі - праўда жыцця, праўда пачуццяў маіх сучаснікаў, чалавечнасць”. І як пацвярджэнне гэтаму гучаць яго радкі, датаваныя 1974 годам:
“Я гаварыў занадта гучна
Ды і пісаў занадта гучна.
Пара праўдзівей і цішэй,
Да сэрца нейчага бліжэй,
А гэта ў сотні раз цяжэй”.                                                                           
Шматгранная паэтычная творчасць Пімена Панчанкі знайшла адлюстраванне ў звыш 30 зборніках, выдадзеных у розныя часы. Некаторыя з іх былі адзначаны дзяржаўнымі і літаратурнымі прэміямі: Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы за паэму “Патрыятычная песня” (1959), Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Купалы за зборнік вершаў “Пры святле маланак” (1968), Дзяржаўнай прэміяй СССР за кнігу вершаў “Где ночует жаворонок?” (1981). 
Але П. Панчанка быў не толькі выдатным паэтам. Яго пяру належыць вялікая колькасць злабадзённых публіцыстычных выступленняў у друку, глыбокіх літаратурна-крытычных артыкулаў. Як справядліва адзначалі крытыкі, уся яго творчасць была своеасаблівым выразнікам дум і спадзяванняў эпохі. 
 Пімен Панчанка вядомы і як перакладчык на беларускую мову твораў Ф. Шылера, А. Міцкевіча, А. Пракоф’ева, А. Суркова, Т. Масэнкі, М. Нагнібеды, Г. Эміна і іншых паэтаў. Шматлікія пераклады твораў самога паэта на розныя мовы народаў свету сведчаць аб яго папулярнасці і па-за межамі Беларусі. 
Дзяржава высока адзначыла заслугі Пімена Панчанкі, яго літаратурны талент, актыўную грамадскую дзейнасць, адвагу і мужнасць, праяўленыя падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1973 годзе яму было нададзена высокае званне народнага паэта Беларусі. Пімен Панчанка ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, у 1994 годзе паэт быў абраны Ганаровым акадэмікам НАН Беларусі.
 Пімен Емяльянавіч Панчанка пайшоў з жыцця 2 красавіка 1995 года. У Мінску адна з вуліц носіць яго імя. Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык Пімен Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго спадчыне – яго вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, ў якіх ніколі не было фальшы, але заўсёды адлюстроўвалася багатая гамма чалавечых пачуццяў. Да 100-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі супрацоўнікамі бібліятэкі падрыхтавана віртуальная выстаўка, на якой прадстаўлена творчая спадчына паэта.

 

Аб жыцці і творчасці паэта

Гарэлік, Л. Кантрасты і парадоксы жыцця : духоўныя арыенціры ў паэзіі П. Панчанкі  / Л. Гарэлік // Роднае слова . — 2002 . — №7 . — С. 22-26.
Гніламедаў, У. З любоўю і болем : творчае аблічча П.Панчанкі / Уладзімір Гніламедаў // Полымя . — 2001 . — №1 . — С. 244-270.
Дарняк, Ю. “Не дай мне, Божа, стаць ілжывым…” матывы паэзіі П.Панчанкі / Юрый Дарняк // Роднае слова . — 2003 . — №12 . — С. 18-20, 77-80.
Краўцоў, В. Горад на Бярэзіне ў лёсе літаратараў : [Пімен Панчанка і Бабруйшчына] / Васіль Краўцоў // Магілёўскія ведамасці. —  2012. — 21 жніўня — С. 6.  
Куляшова, В. Адчуць сябе плыўцом…: сустрэчы з П.Панчанкам / Валянціна Куляшова // Роднае слова . — 2005 . — №1 . — С. 89-90.
Лапіцкая, А. Свая эпоха : [аб творчасці Пімена Панчанкі, які жыў і працаваў у Бабруйску] / Алеся Лапіцкая // Літаратура і Мастацтва. —  2012. — 24 жніўня. — С. 1 ; 7.  
Мяснікоў, А.  Пімен Панчанка: Вернасць слову //  Мяснікоў, А. Сто асоб беларускай гісторыі :  гіст. партрэты /  Анатоль Мяснікоў. — Мінск,  2008. — С. 279—282.
Панчанка Пімен Емельянавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 тамах . — Мінск, 2001 . — Т.12 . — С.56.
Панчанка Пімен Емельянавіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя . — Мінск, 2006 . — Т.2 . — С.288-290.
Панчанка, П. Е. На паэтычным небасхіле : публіцыстыка / Пімен Панчанка. —  Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. —  208 с.
Пімен Панчанка // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 6 тамах . — Мінск, 1994 . — Т.4 . — С.455-473.
Шавыркін, М. Тапаліны звон : эцюд аб супрацоўніцтве кампазітара В. Іванова з П.Панчанкам / Міхась Шавыркін // Роднае слова . — 1997 . — №8 . — С. 112-117.

 

Панчанка, П. Выбраннае / Пімен Панчанка.— Мінск : Мастацкая літаратура, 1975 .— 496 с.

Паэзіі Пімена Панчанкі ўласцівы глыбокі роздум аб жыцці і справах свайго пакалення, актуальных праблемах часу. У гэтую кнігу ўключаны лепшыя творы паэта, напісанныя ім за увесь перыяд яго творчай дзейнасці.

 

Панчанка, П. Высокі бераг : вершы, эсэ / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1993 .— 239 с.

Не для аднаго пакалення чытачоў імя народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі гучыць хрэстаматыйна. У кнізе “Высокі бераг” вершы апошніх гадоў і эсэ. У вершах па-ранейшаму – і горкі смутак, і востры пагляд на нашае жыццё; у эсэ – глыбокі роздум над праблемамі літаратуры, цікавыя штрыхі да партрэтаў шмат якіх дзеячаў беларускай і суседніх літаратур. Кніга “Высокі бераг” для тых, каму дарагія беларускае слова, беларускае адраджэнне, беларуская душа.

 

Панчанка, П. Вячэрні цягнік : вершы, эсэ / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1977 .— 80 с.

Паэзія Пімена Панчанкі заўсёды вызначалася надзеннасцю, глыбокім лірызмам, майстэрствам. Гэтыя рысы ўласцівы і новай кнізе паэта, якая выходзіць у год 60-годдзя пісьменніка.

 

Панчанка, П. Дзе начуе жаўранак : вершы / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1983 .— 222 с. : іл.

Зборнік “Дзе начуе жаўранак” ўражвае сваёй непаўторнасцю і ранішнім успрыняццем жыцця паэзіі прызнанага майстра.

 

Панчанка, П. Жытнёвы звон : Выбраннае / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 2002 .— 335 с.

У кнігу народнага паэта Беларусі увайшлі выбранныя вершы з кніг “Пры святле маланак”, “Дзе начуе жаўранак”, “Маўклівая малітва”, “Крык сойкі”, “Вячэрні цягнік” і вершы з франтавых дарог.

 

Панчанка, П. Зямля ў мяне адна : Паэзія розных гадоў / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1996 .— 158 с.

Паэзія народнага паэта Беларусі праз усе гады была і застаецца надзеннай, гнеўнай і пяшчотнай, узрушаннай і цвердай. У кнігу паэзіі Пімена Панчанкі “Зямля ў мяне адна” ўвайшла і паэма “Вяртанне ў нянавісць”, якую паэт пісаў на франтавых дарогах у 1943-1944 гадах.

 

Панчанка, П. Крык сойкі : вершы / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1976 .— 144 с.

Больш сарак год пленна працуе ў літаратуры народны паэт Беларусі. У сваёй творчасці паэт застаецца маладым і бадзерым, душэўна багатым і эмацыянальным, як і ў далекія прадваенныя гады, калі яго паэзія толькі пачынала служыць людзям.

Панчанка, П. Маўклівая малітва : вершы / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1981 .— 93 с.

Гордасць за сваю Радзіму, зорны час вялікіх здзясненняў роднай Беларусі, багаты духоўны свет новага чалавека, балючае рэха вайны – такі асноўны змест новай кнігі вершаў “Маўклівая малітва".

Панчанка, П. Млечны шлях : вершы апошніх гадоў / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1980 .— 368 с. : іл.

Вершы з кніг народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі апошніх гадоў і новыя склалі гэты томік, клапатліва і строга адабраныя аўтарам.

Панчанка, П. На паэтычным небасхіле : публіцыстыка / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1977 .— 208 с.

У кнігу ўвайшлі літаратуразнаўчыя і публіцыстычныя артыкулы народнага паэта Беларусі аб грамадзянскай паэзіі, аб высокім прызначэнні паэта.

Панчанка, П. Пры святле маланак : вершы / Пімен Панчанка .— Мінск : Беларусь, 1966 .— 128 с.

Панчанка, П. Прылучэнне: вершы і паэма / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1987 .— 622 с.

У гэты зборнік увайшлі лепшыя творы, напісанныя ў розныя гады і аб’яднанныя адной думкай – чалавек прыйшоў у гэтае жыццё, каб пражыць яго чэсна і зрабіць яго лепшым.Паэт піша аб родным краі з яго непаўторнай красою, у яго вершах – гераічнае мінулае нашага народа, актуальныя пытанні сённяшняга нашага жыцця і нязгасная любоў да Радзімы.

Панчанка, П. Снежань: вершы / Пімен Панчанка .— Мінск : Мастацкая літаратура, 1972 .— 56 с.

У кнігу “Снежань” увайшлі вершы, тэматыка якіх самая надзенная. Паэта хвалюе ўсё, што адбываецца ў наш гераічны час. Галоўным для яго заўседы была і ёсць любоў да Радзімы, да чалавека, нашага сучасніка.

 

вверх