Skip to: site menu | section menu | main content
Цябе ведалі ўсюды па бочках, гаршках,
Па млыну, па духмянаму сену,
Па смалянай лучыне з былога Ражка,
Па лапцях, канаплянаму семю.
Крэйдай славіўся, можа, губерні на тры,
Жабракамі на многія вёскі.
На паўсвета разносілі жальбы вятры
Сумных песень і іх адгалоскі.
Вось і ўсё, чым ты славіўсяспокан вякоў,
Чым жылі твае родныя дзеці.
Так вякамі стаяла над ціхай ракой
Вёска з простаю назваю — Дзедзін.
Так было цэлых сотні гадоў,
Што ў журбе над табой праляталі.
Яшчэ зараз мне мрояцца слёзы удоў,
Быццам даўнюю кнігу гартаю.
Сёння ж славішся ты умалотам хлябоў
І людскою нястомнаю працай.
Не адвечныя стогны адвечных рабоў —
Песні радасці ў клубе-палацы.
Ты Радзіме сваёй падарыў урачоў,
Педагогаў, вучоных, паэтаў.
Яны крочаць з табою плячо у плячо
Па прасторах, юнацтвам сагрэтых.
Трактарысты, шафёры і ўдзень, і ўначы
Будзяць гулам матораў дуброву.
Гэта гімн маладосці і працы гучыць,
Гэта тое, што зычыць дабро нам.
Не, другое імя табе трэба даваць:
Не стары ты сягоння, хоць Дзедзін.
З маладосцю табе назаўжды сябраваць,
Весяліцца на ўцеху суседзям!