
Я пайду на шторм свайго імкнення,
У страі тварцоў да мэты мчацца,
Каб тварыць другому пакаленню
На зямлі маёй зямное шчасце!
14 красавіка спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Аляксандра (Алеся) Трафімавіча Пруднікава - нашага земляка, беларускага савецкага паэта. Нарадзіўся ён у вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні 1 (14) красавіка 1910 г. У тры гады застаўся без бацькі, які загінуў на Першай сусветнай вайне; яго са старэйшым братам Сымонам і сястрой Марыяй выхоўваў айчым. У 1925 г. закончыў пачатковую школу, ў 1929 г. - Мілаславіцкую сямігодку, пасля чаго год правучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме.
Яшчэ школьнікам А. Пруднікаў захапіўся складаннем вершаў, яго пачынанні падтрымаў і заахвочваў паэт Янка Бобрык, які выкладаў у сямігодцы мову і літаратуру. Самыя первыя вершы з захаваных у фондзе Алесь напісаў, будучы вучнем 5-га класа сямігодкі. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца верш «Зацвітаюць бялявыя вербы...», датаваны 16 чэрвеня 1929 г.

Пазней паэт пачаў асвойваць і эпічныя формы. Так, захаваўся рукапіс паэмы, напісанай ім у 1928 г., у якой распавядаецца пра трагічны лёс беларускіх сялян, якія ў пошуках лепшай долі выправіліся ў Сібір. Шэраг вершаў Алеся Пруднікава таго часу прысвечаны сялянскай працы на ўлонні прыроды. У цыкле эскізаў «Касавіца» пачынаючы паэт шмат увагі аддаваў рамантычна-ўзнёсламу апісанню краявідаў, якія разгортваюцца вакол лірычнага героя – маладога вясковага касца.
24 красавіка 1930 г. у газеце «Чырвоная змена» адбылася першая публікацыя – выйшаў верш «Асінбуд» пра адну з найбунейшых тагачасных будоўляў краіны. Прага новых уражанняў падштурхнула хлопца кінуць навучанне і пайсці працаваць. У 1930-м ён ўдзельнічаў у будаўніцтве чыгункі Асіповічы- Магілёў-Рослаў, працаваў чорнарабочым на будоўлях Мінска, быў стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, рэпарцёрам БелТА.
Але асноўнай справай свайго жыцц Алесь лічыў усё-такі паэзію, часта выступаў па радыё, а таксама заводскіх клубах, хатах-чытальнях, навучальных установах, друкаваўся ў многіх беларускіх выданнях. Напрыклад, ў сэрцах чытачоў адгукаўся звон абшараў новай зямлі, якім быў напоўнены лірычны герой Алеся Пруднікава.
Я стаю. У садзе дрэвы зябнуць.
Думы рвуцца ў палявую цемень...
Асыпаецца лістота з яблынь
На палёў абстрыжанае цемя.
Не шкадую згубенай красы іх,
Не сумую больш па іх увечар.
Зразумеў, што на прасторах сініх
Шлях другі праложан чалавекам.
Адметнай стала публікацыя ў аўтарытэтным часопісе «Полымі» паэмы «Зямныя зоры», якая дала назву яго першай, на жаль, адзінай кнізе, якая выйшла ў 1932 г.

У гэтым жа годзе паэт паступіў на творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута. Яго планы паламала сталінская рэпрэсіўная машына: 16 сакавіка 1933 г. Алесь Пруднікаў быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе, але у жніўні таго самага года быў вызвалены і адразу прызваны на службу ў Чырвоную Армію. Пасля службы працаваў адзін год у рэдакцыі клімавіцкай раённай газеты «Камунар».
Пераехаўшы у Ленінград, ў 1936 г. скончыў літаратурны факультэт Ленінградскага настаўніцкага інстытута і быў накіраваны ў Спаскагубскую сярэдняю школу Пятроўскага раёна Карэльскай АССР. Там працаваў настаўнікам і завучам школы, а таксама інспектарам раённага аддзела народнай асветы. Адначасова імкнуўся ўдасканаліць адукацыю: завочна вучыўся на філалагічным факультэце Карэльскага універсітэта, занімаўся запісам мясцовага фальклору.
Але асноўная праца не перашкаджала паспяхова займацца творчасцю. За тры гады напісаў кнігу вершаў, некалькі паэм і апавяданняў. У Карэліі яго і застала Другая сусветная вайна. Пруднікаў апынуўся ў шэрагах народнага апалчэння, потым - у Пятроўскім знішчальным батальёне, дзе выконваў абавязкі начальніка разведкі. На вайне, 5 жніўня 1941 г., і абарвалося яго жыццё: у час выканання баявога задання каля вёскі Вохтвозера Пятроўскага раёна, Алесь загінуў у перастрэлцы з ворагам. Быў з ахаваны у брацкай магіле ў Спаскай Губе.
Я да скроні руку падняў:
Небасхілу блакіт гарэў…
Я глядзеў на аблічча дня –
Госьць вяртаўся да нас з-за марэй.
Ноччу доўга вярзьліся сны –
Перастрэлкі, пралёты станцый.
Недалёка было да труны,
Ды нарэшце жывым застаўся…
Ў меднай касцы худы салдат
Наляцеў, як арол на ахвяру –
Шыю грыз маю, быццам кат,
Клявятурай зубоў ліхвярскіх.
З бліндажоў устаюць франты –
Скогуць здані бязлікіх сьмерцяй.
І з размаху ударыў штых,
Штых халодны ў полымя сэрца!
Я ачнуўся. Ціша кругом.
Даль сьмяецца калосьсем сьпелым.
З-за марэй к нам вяртаўся госьць,
Даль далёкую песьню пела…
Алесь Пруднiкаў (1910-1941) // Беларуская мова i лiтаратура ў школе. — 1990. — № 4. — С. 13.
Алесь Пруднiкаў // Iшла вайна народная… : Беларускія пiсьменнiкi ў Вялiкай Айчыннай. — Мінск, 1991. — С. 533 — 534.
Алесь Пруднiкаў // Пiсьменнiкi Савецкай Беларусi : кароткі даведнік — Мінск, 1981. — С. 281— 282.
Алесь Пруднiкаў // Радзiме — радок i жыццё. Памяцi беларускіх паэтаў, якiя гераiчна загiнулi на Вялiкай Айчыннай вайне. — Мінск, 1986. — С. 50 — 51.
Анцыперовіч, А. Загублены ў полымі саракавых / А. Анцыперовіч // Бібліятэка прапануе. — 2018. — № 4. — С. 12 — 16.
Бельскі, А. Беларуская літаратура ХХ стагоддзя: Гісторыя і сучаснасць: У дапамогу настаўнікам і студэнтам. — Мінск, 2005.
Клiмуць, Я. Алесь Пруднiкаў / Я. Клімуць // Магiлёўская праўда. — 1991. — 5 студзеня. — (Анталогiя лiтаратуры Магiлёўшчыны).
Пруднiкаў Алесь // Пiсьменнiкi Магiлёўшчыны : бiблiяграфiчны паказальнiк. — Магiлёў, 1993. — С. 180 — 181.
Пруднiкаў Алесь // Памяць : гiсторыка-дакументальная хронiка Клiмавiцкага раёна. — Мінск : Унiверсiтэцкае, 1995. — С. 624.
Пруднiкаў Алесь // Энцыклапедыя лiтаратура i мастацтва Беларусi. — 1987. —Т. 4. — С. 388.
Пруднiкаў, П. Недапетая песня. Далекае, але незабытае : успамiны / Павел Пруднікаў. — Мінск, 1988. — С. 149 — 154.
Сергiеня, В. 75 год з дня нараджэння Алеся Пруднiкава / В. Сергіеня // Полымя. — 1985. — № 4. — С. 224.