Макеевіцкая сельская бібліятэка-музей
Краязнаўства – дзівосная скарбніца самабытнасці, непаўторнай і невычэрпнай народнай культуры, якая складалася на працягу многіх стагоддзяў, увабрала мудрасць, вопыт і традыцыі нашых продкаў, перадавалася з пакалення ў пакаленне і цяпер патрабуе надзвычай уважлівых і беражлівых адносін. Краязнаўчая дзейнасць на працягу многіх гадоў займае вядучае месца ў рабоце публічных бібліятэк Клімавіцкага раёна. У арсенал сучаснага бібліятэчнага краязнаўства ўваходзіць пошук унікальных прадметаў народнага побыту мінулых стагоддзяў – сялянскіх рэчаў, старажытных вырабаў і іх дэманстрацыя.
Прыкладам такога падыходу ў арганізацыі краязнаўчай дзейнасці можна назваць стварэнне этнаграфічных куткоў і музеяў пры сельскіх бібліятэках, калі разам з кнігай фарміраванне і раскрыццё прадметна-ілюстрацыйнага раду становіцца адным з галоўных, афіцыйна заяўленных аўтарытэтаў – мяняецца статус бібліятэкі, яна прымае на сябе даследчыя функцыі і атрымлівае назву «бібліятэка-музей».
Першай інтэгрыраванай установай комплекснага характару стала Макеевіцкая сельская бібліятэка, якая ў 2010 годзе была рэарганізавана ў бібліятэку-музей – цэнтр этнаграфічных пошукаў, накіраваных на захаванне традыцыйнай народнай спадчыны, культуры і гісторыі вёскі Макеевічы.
Паспяховая дзейнасць бібліятэкі-музея, арыентаваная перш за ўсё, на супрацоўніцтва з мясцовым насельніцтвам, станоўча ўплывае на імідж установы, павышае яе аўтарытэт не толькі ў сваім аграгарадку, але і на ўзроўні раёна і вобласці.
Музей садзейнічае выхаванню любові да мінулага і будачага свайго краю, далучае да вытокаў народнай культуры, і галоўнай задачай яго з’яўляецца захаванне культурных каштоўнасцей і народных традыцый, якія павінны перадавацца ад пакалення да пакалення.
Гісторыя Макеевіцкай бібліятэкі пачынаецца з даваеннага часу. Арганізаваў яе жыхар вёскі Гулькі Фёдар Сямёнавіч Войтаў. Кнігі з сваёй хатняй бібліятэкі, якія захоўваліся ў сундуку, ён выдаваў надзейным чытачам у добрыя рукі.
У 1956 годзе сельскі Савет купіў будынак пад бібліятэку і яе загадчыцай стала Таццяна Мартынаўна Азаранка. Кніжны фонд да гэтага часу складаў каля трох тысячы экземпляраў кніг.
У 60-я гг. сельскі Савет пачаў адпускаць грошы на закупку кніг у г. Клімавічы і в. Мілаславічы, акрамя гэтага кнігі прыходзілі па падпісцы.
Доўгі час у бібліятэцы вядзецца значная работа па збору і захаванні краязнаўчага матэрыялу, каля 20 гадоў дзейнічае краязнаўчае аматарскае аб’яднанне “Крынічка”, і на сённяшні дзень бібліятэка з’яўляецца базавай па краязнаўчай рабоце ў раёне.
У 1989 годзе для бібліятэкі пабудавана прасторнае і светлае памяшканне. Агульнымі намаганнямі мясцовага саўгаса і аддела культуры бібліятэка была аформлена ў народных традыцыях.
З 1992 г. пры бібліятэцы арганізаваны музей. Тут сабраны багаты матэрыял па гісторыі вёскі, аб дзейнасці партызанскай брыгады імя С. Лазо ў часы Вялікай Айчынай вайны, аб людзях, дапамагаўшых партызанам. Рубан Ганнай Іванаўнай вялася перапіска з ўдзельнікамі партызанскага руху і сабраныя матэрыялы таксама прадстаўлены ў музеі.
Незвычайны краязнаўчы куток “Нашай вёскі спадчына жывая”, запрашае пазнаёміцца з прыладамі працы, хатняга побыту нашых продкаў і шматлікімі прадметамі вясковага жыцця, якія ўжо зніклі або выйшлі з ужытку. Сярод іх: самапрадка, ступа, прас, рубанкі, карыта, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Знайшлося тут месца і сялянскаму аддзенню, прасцінам, верацяном з калаўротамі, глінянаму посуду, вырабам з саломкі. Цудоўна дапаўняюць інтэр’ер бібліятэкі саматканыя ільняныя ручнікі, якія ўпрыгожвалі сялянскаю хату, абрусы, старанна вышытыя працавітымі рукамі жыхарак вёскі, даматканыя посцілкі з цікавымі ўзорамі, шматлікія вязаныя рэчы.
Музей не толькі распавядае пра гісторыю вёскі Макеевічы, але і дапамагае фарміраванню грамадзяніна-патрыёта сваёй краіны. Тут на асобных музейных стэлажах сабрана каля 150 дакументаў аб вобласці, раёне і больш за 50 экспанатаў матэрыяльнай культуры. Трэба адзначыць, што работа па выяўленні і збору новых матэрыялаў аб краі вядзецца пастаянна.
Для больш шырокай папулярызацыі і раскрыцця фонда арганізаваны кніжныя экспазіцыі: “На маёй Магілёўшчыне”, “Край мой Клімавіцкі”. Своеасаблівай візітнай карткай бібліятэкі з’яўляецца выстава-панарама “Вёскі нашай біяграфія”, на якой змешчаны шматлікія краязнаўчыя матэрыялы, пачыная з 1916 года па сённяшні дзень.
Важным дапаўненнем да краязнаўчага фонду з’яўляюцца каля 20 тэматычных папак-дасье: “Гістарычнае мінулае вёскі Макеевічы”, “Лёс маіх землякоў”, “Рэдкі фотаздымак часу Вялікай Айчыннай вайны”, “Пра родны край”, “Наша малая Радзіма – аграгарадок Макеевічы” і інш., а таксама альбомы “Ніхто не забыты, нішто не забыта” і “За нашу Радзіму”, які змяшчае паіменны спіс аднавяскоўцаў, загінуўшых у часы Вялікай Айчыннай вайны. Вядзецца краязнаўчая картатэка і картатэка цікавых людзей.
За апошнія гады склалася пэўная сістэма работы з настаўнікамі і вучнямі ў дапамогу вывучэнню тэм па гісторыі, правядзенню краязнаўчых конкурсаў, падрыхтоўкі дзяцей да ўнутрышкольных і раённых алімпіядах па гісторыі. Аказваецца дапамога карыстальнікам пры напісанні паведамленняў, дакладаў, рэфератаў і вучням пры выкананні школьных хатніх заданняў. Таму менавіта з экскурсіі ў бібліятэку пад назвай “Добры дзень, музей!” пачынаюць першакласнікі школьнае жыццё.
Тут праходзяццца пазакласныя гадзіны, асобныя ўрокі беларускай літаратуры, гісторыі, краязнаўчыя вандроўкі “Скарбы бабуліных куфраў” і “От голубых цветочков, до сорочек дочкам”, урок-радзімазнаўства “Адкрываем Радзіму, пазнаем сябе”, літаратурная гадзіна “Гартаючы старонкі мудрасці”, гадзіна паэзіі “Вершы песцяцца любоўю, вершы пішуцца душой” (па творчасці мясцовых паэтаў-юбіляраў). Вялікую цікавасць выклікае прэзентацыя “Паэтычная вандроўка па цудоўнай вёсцы Макеевічы” (фотаздымкі мясцовасці суправаджаюцца вершамі Г. Цыганковай, прысвечанымі роднай вёсцы). Выкарыстоўваецца і прэзентацыя “Далёкай мінуўшчыны сведкі сучасныя…”, складзеная супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі. З яе дапамогай прысутныя знаёмяцца з гістарычным аглядам найбольш значных помнікаў культавага і свецкага дойліцтва, што захаваліся да нашых дзён на тэрыторыі Клімавіцкага раёна, а таксама з фотаздымкамі сучаснага стану помнікаў.
Цікавай знаходкай у рабоце бібліятэкі па папулярызацыі краязнаўчых ведаў з’яўляецца правядзенне краязнаўчых чацвяргоў. Кожны апошні чацверг месяца дзеці наведваюць тэматычныя заняткі, дзе атрымліваюць звесткі аб жыцці сваіх продкаў. Напрыклад, падчас пасяджэння “Родная хата”, гаворка ідзе аб тым, з чаго пачынаецца будаўніцтва хаты, аб форме страхі, унутраннай планіроўцы, абсталяванні, убранстве і абрадзе засялення. Тут можна ўбачыць атрыбуты сялянскай гаспадаркі і інсцэніраваць абрад засялення ў новую хату.
Удзельнікі краязнаўчага чацвярга на тэму “Беларускае аддзенне”, вядуць размову аб своеасаблівасцях жаночага, мужчынскага і дзіцячага аддзення, аб адрозненні і ўпрыгожванні святочнага і паўсядзённага адзення, знаёмяцца з музейнымі экспанатамі, фотаздымкамі. Аналагічна праходзяць мерапрыемствы аб народных промыслах і рамёствах, звычаях і абрадах, павер’ях роднай мясцовасці.
У 1994 г. Макеевіцкая бібліятэка стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Г.І. Рубан прымала ўдзел у рэспубліканскай канферэнцыі “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”, дзе атрымала прэмію – бібліятэчку кніг з аўтографамі вядомых беларускіх пісьменнікаў.
Мінулае і сучаснае краю, вопыт продкаў, традыцыі, быт, звычаі, прыродную своеасаблівасць мясцовасці і шмат іншага – усё гэта мы павінны захаваць для будучых пакаленняў у першапачатковым выглядзе.
Макеевіцкая сельская бібліятэка-музей з’яўляецца своеасаблівай захавальніцай і месцам папулярызацыі народнай спадчыны, якая мае вялікае гістарычнае і культурнае значэнне для жыхароў аграгарадка Макеевічы.