Гісторыя вёскі
Макеевічы – маляўнічы куточак Клімаўшчыны. Невялікая вёска ў Мілаславіцкім сельскім Савеце, за 33 кіламетры на Ўсход ад Клімавіч, 150 кіламетраў ад Магілёва, 15 кіламетраў ад чыгуначнай станцыі Шасцёраўка на лініі Магілёў - Рослаў. Рэльеф раўнінна ўзгорасты, на Захад і Усход мяжуе з лесам, на Паўднёвай ускраіне цячэ рака Іпуць (прыток Сожа). Транспартныя сувязі па шашы Макеевічы - Клімавічы.
Планіровачна вёска складаецца з сямі вуліц з некалькімі завулкамі, забудаваных двухбакова, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Грамадскія будынкі размешчаны сярод жылой забудовы ў цэнтры вёскі, вытворчы сектар на паўдневай ускраіне. Цэнтр акцыянернага грамадства “Макеевічы”. У вёсцы 138 гаспадарак, 354 жыхары (2016 г.); аддзяленне “Беларусбанк”, аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, бібліятэка-музей, 2 магазіны. У 2016 г. прыпыніла работу Макеевіцкая базавая школа. Вучні пераведзены ў Мілаславіцкую сярэднюю школу-сад.
За 1,5 км на Захад ад вёскі, на левым беразе ракі Іпуць захаваўся курганны могільнік (12 насыпаў), які сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці. Па рукапісных крыніцах вядома з 1604 года, як сяло ў Крычаўскай воласці ВКЛ, казённая ўласнасць.
У 1780 годзе ў Клімавіцкім павеце, 23 двары, 146 жыхароў, уласнасць памешчыка. У пачатку 19 стагоддзя пачаў працаваць вінакурны завод (у 1819 г. 15 рабочых).
У 1858 годзе ў Клімавіцкім павеце, 68 рэвізійных душ, меўся заезны дом.
У 1867 годзе ў фальварку пачалі дзейнічаць вадзяны млын і сукнавальня. Гаспадар маёнтка меў тут у 1876 годзе 1450 дзесяцін зямлі і вадзяны млын.
У 1894 годзе адкрыта школа, для якой сяляне на свае сродкі купілі будынак.
У 1897 годзе ў Мілаславіцкай воласці Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні, 42 двары, 255 жыхароў. У аднайменным фальварку былі 23 жыхары, вадзяны млын і сукнавальня.
У летку 1905 года тут адбыліся сялянскія хваляванні. 08.11. 1905 года каля 600 сялян з мястэчка Мілаславічы, вёсак Якімавічы, Цімошкі, Макеевічы, Іллюхіна, Перавалочня, Лядзешня разбурылі плаціну і млын у маёнтку Макеевічы. Важакі хваляванняў былі арыштаваны.
У 1909 годзе ў сяле 43 двары, 329 жыхароў, у фальварку 1 двор, 8 жыхароў. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 годзе было 76 вучняў.
З 20.08. 1924 года цэнтр Макеевіцкага с/с Мілаславіцкага, з 04.08.1927 года Клімавіцкага раёнаў Калінінскай, з 09.06.1927 г. да 26.07.1930 года Магілёўскай акруг, з 20.02.1938 года Магілёўскай вобласці.
У 1926 годзе 49 двароў, 290 жыхароў. У 1924 годзе створана таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі (18 гаспадарак). У 1926 годзе адкрыты фельчарска-акушэрскі пункт.
У 1930 годзе арганізаваны калгас “Кастрычнік”, які ў 1932 годзе аб’дноўваў 460 гаспадарак, меў 3173 га зямлі. Дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, працавалі паравы млын, кузня.
У Вялікую Айчынную вайну з сярэдзіны жніўня 1941 года да 29.09.1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Восенню 1941 года ў навакольных лясах дзейнічала дыверсійная камсамольская група на чале з Ф. Літвінавым. Зімой 1942 года мясцовы жыхар, 14-гадовы Шура Піліпенка паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна. Дом яго маці быў явачнай кватэрай партызан. Гітлераўцы арыштавалі хлопчыка і заставілі весці да партызан. Юны патрыёт завёў акупантаў у балота і мужна загінуў. Гітлераўцы спалілі хату, расстралялі маці і брата Шуры. У памяць аб іх земляках, якія загінулі ў вайну, у цэнтры вёскі ў 1967 годзе пастаўлены абеліск.
У 1980-я гады ў вёсцы пабудаваны фермы буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчая, механічныя майстэрні, васьмігадовая школа (11 настаўнікаў), клуб, бібліятэка з фондам каля 9 тысяч кніг, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, сталовая, дзіцячыя яслі, комплексна-прыёмны пункт, магазін.
У 1986 годзе 145 гаспадарак, 369 жыхароў. Цэнтр КСУП “Саўгас “Макеевічы”. Дзейнічаюць дзіцячы сад, базавая школа, бібліятэка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, комплексны прыёмны пункт, магазін, аддзяленне сувязі. Праект планіроўкі і забудовы распрацаваны ў 1980-я годы ў інстытуце “Магілёўграмадзянпраект”. Планіроўка прамавугольная. Складаецца з 3 кароткіх прамалінейных вуліц мерыдыянальнай арыентацыі, злучаных на Поўдзень і Поўначы кароткімі прамалінейнымі вуліцамі. Забудова драўляная, шчыльная. Жылыя дамы пераважна драўляныя, аднапавярховыя, сядзібнага тыпу. У цэнтры сярод жылой забудовы размешчаны грамадскія будынкі. На паўночнай ускраіне гаспадарчы сектар.
Літаратура:
Гарады і вёскі Беларусі : Энцыклапедыя. Т.6. Кн.2. Магілёўская вобласць / рэдкалегія : Т.У. Бялова і іншыя. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — С. 113-114.