ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ САЎГАСА “МАКЕЕВІЧЫ”

1931 – заснаванне калгаса “Новае жыццё”
1960 – рэарганізацыя саўгаса “Мілаславіцкі”, у які ўваходзілі калгасы “Новае жыццё”, “Звянчатка”, “Мілаславічы”
1964 – заснаванне саўгаса “Макеевічы”
2001 – рэарганізаваны ў УКСП “Саўгас “Макеевічы”
2009 – рэарганізаваны ў ААТ “Макеевічы”

1973 год

Рэдкалегія насценгазеты саўгаса “Макеевічы” працуе ў цесным кантакце з народнымі кантралёрамі. Часта па сігналах дазорных насценгазета “Рабочы” змяшчае на сваіх калонках крытычныя матэрыялы па выяўленых недахопах. Газета таксама з’яўляецца сродкам мабілізацыі рабочых на выкананне вытворчых планаў гаспадаркі, аператыўна адлюстроўвае ход сацыялістычнага спаборніцтва.

На здымку (злева направа): рэдактар насценгазеты М.М. Кротаў і члены рэдкалегіі Марыя Глушакова і Раіса Каралёва за праглядам падрыхтаванага нумара.

1979 год

У гаспадарцы клапоцяцца аб прафесійнай падрыхтоўцы моладзі. Напрыклад, пасля заканчэння 8-10 класаў многія юнакі за лік гаспадаркі былі накіраваны на вучобу. Пасля яны вярнуліся ў саўгас “Макеевічы” шафёрамі, трактарыстамі, электраманцёрамі.
Ім выдзяляюць сапраўдную тэхніку, замацоўваюць вопытнага работніка, які дапамагае асвойваць даручаную справу, у любую мінуту можа прыйсці на дапамогу.
Зараз працуе многа дэмабілізаваных з Савецкай Арміі юнакоў. Характэрна, што праводзячы іх на тэрміновую службу, бацькі і кіраўнікі саўгаса, таварышы звяртаюцца да прызыўнікоў з наказам: пасля службы абавязкова вяртацца ў родныя краі. Выконваючы гэты наказ, працуюць у гаспадарцы былыя воіны: Алег Мармалёў – загадчыкам гаража, Іван Іваноў, Алег Цыганкоў, браты Сяргей і Аляксандр Осіпавы – шафёрамі, трактарыстамі працуюць Рыгор Апанасаў, Віктар Гайдараў, Аляксандр Губернатараў – электраманцёрам.
Многія з іх, маючы няпоўную сярэднюю адукацыю, займаюцца ў вячэрняй школе.
...Дзе моладзь, там і вяселлі. Нядаўна вось справілі вяселле Аляксандра Губернатарава. Дырэкцыя саўгаса выдзеліла маладажонам кватэру. Думаецца, што такая ўвага да моладзі стане добрай традыцыяй.[1]

***

У паспяховым выкананні сацыялістычных абавязацельствах пэўная роля належыць творчасці і практычным здабыткам рацыяналізатараў і вынаходнікаў. Летась прынялі ў свае рады яшчэ сем маладых наватараў. Цяпер іх ў саўгасе “Макеевічы” пяцьдзесят чалавек. На эканамічным савеце было разгледжана 9 рацпрапаноў, якія ўкаранёны ў вытворчасць і далі эканамічны эфект на суму звыш 65 тысяч рублёў.
Механік жывёлагадоўчых ферм Леанід Васільевіч Каралёў прапанаваў на фермах замест паравых катлоў паставіць ваданагравальнікі. Укараненне гэта сэканоміла 1971 рубель.
Летась у самы разгар уборкі згарэў электрарухавік вентылятара – ахаладжальніка на АВМ-0,65. Слесары зернетака Алег Захаравіч Міроненка, Аляксандр Андрэевіч Волікаў і электрык Міхаіл Міхайлавіч Новікаў знайшлі выхад са становішча. Электрык прывёз матор, падабралі шківы, рамяні, а слесары зрабілі раму для матора. І праз некалькі гадзін АВМ зноў пачаў дзейнічаць. Дарэчы, Волікаў і Міроненка авалодалі таксама спецыяльнасцю электрагазазваршчыка.[2]


1981 год

Нягледзячы на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы некалькіх гадоў, працаўнікі саўгаса «Макеевічы» ў дзесятай пяцігодцы дабіліся пэўных поспехаў. Па ўсіх паказчыках гаспадарка мае сярэднегадавое павелічэнне прадукцыі ад 105 да 160 працэнтаў у параўнанні з папярэдняй пяцігодкай. I толькі неспрыяльныя кліматычныя ўмовы двух апошніх гадоў сказаліся ў пэўнай меры на гаспадарчай дзейнасці ў галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі.
У дзесятай пяцігодцы ўведзена ў дзеянне асноўных сродкаў 3203 тысячы рублёў, аб ў сярэднім па 640 тысяч рублёў у год. За гэты час сіламі гаспадаркі было ўведзена ў эксплуатацыю 30 аб’ектаў, з іх 12 жылых дамоў, 7 сянажных траншэй на 5 тысяч тон, зернесклад на 1000 тон, пункт тэхнічнага абслугоўвання, АВМ з навесам, склад мінеральных угнаенняў, цялятнік на 330 галоў, комплекс для буйной рагатай жывёлы на 500 галоў і іншыя. Усё гэта станоўча сказалася на гаспадарчай дзейнасці саўгаса. Павялічылася ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур, у выніку чаго значна ўзрасла вытворчасць асноўных відаў прадукцыі — малака і мяса. Калі ў дзевятай пяцігодцы ў сярэднім за год гаспадарка радавала дзяржаве па 150 тон мяса, то ў дзесятай ужо — 230 тон. Малака адпаведна 850 тон і 1100 тон. Рэалізацыя мяса павялічылася на 154 працэнты, малака — на 130 працэнтаў. Узрасла таксама рэалізацыя збожжа, льновалакна, бульбы. Яна дасягнула больш мільёна рублёў. За дзесятую пяцігодку значна палепшылася якасць прадукцыі, за што дадаткова паступіла больш 470 тысяч рублёў.[3]


1982 год

За апошні час у саўгасе «Макеевічы» зроблены значныя зрухі наперад у вядзенні многіх галін вытворчасці, а імя яго кіраўніка Віктара Аркадзьевіча Саковіча на нядаўна адбыўшымся пленуме райкома партыі, які абмяркоўваў пытанне кадравай палітыкі ў раёне, ставілася ў прыклад іншым.
3 першага дня зімоўкі (і так запар чатыры гады) бесперапынна працуе цэнтральны кармацэх гаспадаркі - галоўны цэх па прыгатаванню і здрабненню грубых кармоў. Вынік яго працы: сюды паступае горшая заляжалая салома, а прадуктыўнасць статку, які яе спажывае — вышэйшая.
Ужо некалькі гадоў запар макеевіцкія механізатары ганарацца сваёй эстакадай па пагрузцы арганічных угнаенняў. Менавіта з дапамогай яе гаспадарка своечасова і ў дастатковай колькасці наладзіла вывазку арганікі ў зімовы час. На тарфяным балоце ў Макеевічах па-сапраўднаму зараз вядзецца бой за ўраджай другога года новай пяцігодкі.[4]


1992 год

Адыйшлі ў нябыт тыя часіны, калі дабрацца да Макеевіч з райцэнтра было праблемай. Гладкая стужка асфальта пралягла і сюды, па якой за якіх трыццаць-сорак мінут можна даехаць з Клімавіч на аўтамашыне.
Дырэктар саўгаса «Макеевічы» А.М.Ільянаў — чалавек з супярэчлівымі рысамі характару, які прытрымліваецца правілаў жорсткай вытворчай дысцыпліны і разам з тым кожны дзень клапоціцца аб паляпшэнні дабрабыту мясцовых працаўнікоў. Гэта прынесла пэўныя вынікі.
Цэнтральная сядзіба гаспадаркі знешне больш нагадвае курортны гарадок. Тут каля кожнага дома чыста, акуратна. У палісадніках шмат кветак. Не сустрэнеш на вуліцы чалавека пад чаркай, як гэта яшчэ, на вялікі жаль, здараецца ў некаторых іншых вёсках. Агароды каля хат дагледжаныя. Усё працаздольнае насельніцтва на рабоце. Бо зараз гарачая пара — жніво. Побач з вёскай сасновы бор. Паблізу рэчка Іпуць.
За апошнія некалькі гадоў змяніўся цэнтр Макеевіч: пабудаваны магазін, сталовая, гасцініцы, узведзены іншыя аб'екты. Усё зроблена з густам.
Аляксандр Мікалаевіч часты госць у тутэйшых школьнікаў. Дырэктар саўгаса клапоціцца, каб вучні ў школе адчувалі сябе ўтульна, бо яны прыдуць на змену сваім бацькам, каб даіглядаць родныя палеткі. Маладым жыць тут, будаваць сваё жыццё.
Дабротная дарога злучыла цэнтральную сядзібу саўгаса «Макеевічы» і з некаторымі вытворчымі падраздзяленнямі. Да вёскі Перавалошня, напрыклад, зноў-такі асфальтаваная стужка.

***

У саўгасе «Макеевічы» чатыры арэндныя падраздзяленні: у іх ліку ў вёсках Перавалошня, Саўна і на цэнтральнай сядзібе два калектывы інтэнсіўнай працы. За кожным з гэтых арэндных падраздзяленняў замацавана неабходная сельскагаспадарчая тэхніка, на кожнага з механізатараў у сярэднім каля сотні гектараў зямлі. Яны аруць глебу, сеяць, даглядаюць пасевы, самастойна ўбіраюць вырашчаны ўраджай, узімку - рыхтуюць тэхніку да новага сезону.
У саўгасе неабходна ўбраць 1270 гектараў зерневых і зернебабовых; з іх паўтысячы гектараў жыта і крыху больш ячменю. На добнай палавіне палеткаў збожжа абмалочана. Да паўтары сотні тон збожжа паступае на ток за дзень, а летась здаралася па 250-300 тон, бо ў мінулым годзе ўраджай быў лепшым. Задзейнічана адзінаццаць камбайнаў, сем аўтамашын на ўборцы ўраджаю-95. Прыкладна, у дзесяць гадзін раніцы кабмайнеры выязджаюць на поле і вядуць жніво да паўвосьмай вечара. Ва ўсіх чатырох арэндных падраздзяленнях работы вядуцца адначасова.
Арэнднае падраздзяленне ў Перавалошні ўзначальвае Аляксандр Міхайлавіч Шведаў. У калектыве дзевяць чалавек. Зараз у іх на жніве дзейнічае чатыры камбайны: тры «Нівы» і «Дон». Столькі ж людзей працуе ў Саўне, дзе звеннявым Мікалай Іванавіч Гурчанка, у іх дзве «Нівы» і «Дон». [5]

Літаратура:
1. Сідарэнка, У. Да родных ніў / У. Сідарэнка // Новае жыццё. – 1979. – 19 сакавіка.
2. Сідарэнка, У. Уклад наватараў / У. Сідарэнка // Новае жыццё. – 1979. – 10 красавіка.
3. Саковіч, В. Увагу – аддаленым гаспадаркам / В. Саковіч. – 1981. – 10 студзеня.
4. За вопытам у Макеевічы // Новае жыццё. – 1982. – люты.
5. Нібы курортны гарадок //Родная ніва. – 1995. – 19 жніўня.