САКОВІЧ ВІКТАР АРКАДЗЬЕВІЧ
Дырэктар саўгаса “Макеевічы” з 1975 па 1987 год
Чалавекам творчай думкі з’яўляўся дырэктар саўгаса «Макеевічы» В. А. Саковіч, інжынер па адукацыі. Узначаліўшы некалькі раней адстаючую гаспадарку, ён многае зрабіў для таго, каб павысіць яе эканоміку. Так, у 1983 годзе ў касу саўгаса паступіла 772,4 тысячы рублёў прыбытку пры плане 119 тысяч рублёў, рэнтабельнасць вытворчасці склала 57 працэнтаў, у той час, як па раёну яна 23,9 працэнта. Ва ўсім гэтым была заслуга ўсяго калектыву, і вядома, яго кіраўніка, члена раённага камітэта партыі В. А. Саковіча.
Дырэктар даўно ўжо ўсведаміў: трэба ісці ў нагу з новымі, перадавымі метадамі навукі і практыкі. I не капіраваць чыйсьці вопыт, а прымяняць яго згодна са сваімі, мясцовымі ўмовамі. Таму і на жывёлагадоўчых фермах, і на зернескладах, і ў рамонтнай майстэрні ўкаранены многія навінкі, якія аблягчалі працу. А рацыяналізатары саўгаса, сярод якіх самы актыўны таксама Віктар Аркадзьевіч, неаднаразова былі лепшымі де толькі ў раёне, але і на Магілёўшчыне.
У той час у вобласці пачаў асвойвацца новы метад работы тэхнікі — паточна-цыклавы. На Клімаўшчыне яго ініцыятарам стаў дырэктар саўгаса «Макеевічы» В. А. Саковіч. Усе макеевіцкія новаўвядзенні заўсёды сябе апраўдвалі. Паточна-цыклавы метад стаў прамой дарогай калектыва саўгаса да павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Больш таго, прыклад саўгаса «Макеевічы» паклікаў за сабой да новага і другія калектывы гаспадарак раёна.
Быць у пошуку — значыць, не прыпыняцца на дасягнутым, дабівацца больш высокіх вынікаў па выкананню Харчовай праграмы. Гэта і характарызавала дырэктара саўгаса, камуніста В.А. Саковіча.
Бібліяграфія:
Лапо, І. Ініцыятар паточна-цыклавога метаду / Іван Лапо // Новае жыццё. – 1984. – 26 красавіка.