Currently viewing: Главная » Краеведение » Календарь событий и дат

Поиск


Календарь событий и дат

Каляндар падзей у асобах і фактах на 2017 год:

150 гадоў (1867) – з пачатку працы Свята-Міхайлаўскага храма

150 гадоў (1867) – з пачатку працы Свята-Міхайлаўскага храма (у ранейшыя часы храм зваўся Саборнай Архістратыга-Міхайлаўскай царквой). Царква пабудавана з цэглы па распараджэнню начальніка Паўночна-Заходняга краю графа Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва.








150 гадоў (1867) таму ў горадзе з'явіўся дом князя Мікалая Мікалаевіча Мяшчэрскага

150 гадоў (1867) таму ў горадзе на цэнтральнай вуліцы Свірэльскай, быў пабудаваны драўляны дом з мансардай князя Мікалая Мікалаевіча Мяшчэрскага.

Цяпер тут размешчаны раённы краязнаўчы музей.




145 гадоў (1872) таму у г. Клімавічы пачалося ўладжанне бульвара і гарадскога парку

145 гадоў (1872) таму у г. Клімавічы па ініцыятыве мясцовага памочніка спраўніка, былога выхаванца Гатчынскага сірочага інстытута пачалося ўладжанне бульвара і гарадскога парку.

У парку было разбіта некалькі алей – ліпавая, дубовая, язмінавая. Па перыметры размяшчаліся ўтульныя альтанкі, плеценыя з лазы. Ля ўваходу на галоўную алею стаялі, падобна вартавым, дзве пірамідальных таполі.

70 гадоў з дня нараджэння Леаніда Якаўлевіча Храмянкова заслужанага трэнера БССР, кандыдата педагагічных навук.

70 гадоў (1947, в. Папаратка) з дня нараджэння Леаніда Якаўлевіча Храмянкова, заслужанага трэнера БССР (1988 г.), кандыдата педагагічных навук (1994 г.).
Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў настаўнікам фізкультуры, дырэктарам дзіцячай юнацкай спартыўнай школы, быў першым секратаром райкама камсамола, загадчыкам аддзела арганізацыйна-партыйнай работы райкама КПБ Клімавіцкага  раёна. Званне “Заслужаны трэнер БССР” яму прысвоена ў 1988 г. за арганізацыю падрыхтоўкі алімпійскай чэмпіёнкі Святланы Войтавай.
З 1990 г. з’яўляўся намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта БССР па спорту. 16 мая 1994 г. Леаніду Якаўлевічу прысвоены другі клас служачага дзяржкамітэта.
З 1996 г. працаваў у Нацыянальным алімпійскім камітэце Рэспублікі Беларусь: дырэктарам па маркетынгу, начальнікам упраўлення, галоўным спецыялістам.
Узнагароджаны: ганаровымі знакамі Дзяржаўнага камітэта СССР па фізічнай культуры і спорту і Дзяржаўнага камітэта БССР “За заслуги в развитии физической культуры и спорта”, медалём Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь “За выдающиеся заслуги”, ганаровым знакам “За заслуги в развитии олимпийского движения в Республике Беларусь”.

3 студзеня - 105 гадоў  з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Рабчэўскага

3 студзеня – 105 гадоў  (1912 г., в. Балешын) з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Рабчэўскага, Героя Савецкага Саюза.
Пасля заканчэння Клімавіцкай сямігодкі пacтyпіў у Магілёўскі медыцынскі тэхнікум. У 1933 г. паспяхова закончыў два курсы Магілёўскага вячэрняга педінстытута. Па спецнабору паступіў у Сталінградскую школу лётчыкаў, якую закончыў у 1938 г. Служыў камандзірам эскадрыллі штурмавікоў, штурманам палка, дывізіі, камандзірам штурмавога авіяпалка. Удзельнічаў у Савецка-фінляндскай вайне, здзейсніў 54 паспяховыя вылеты. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
З 22 чэрвеня 1941 г. ваяваў на Паўночна-Заходнім, Сталінградскім, Паўднёвым, Паўночна-Каўказскім, 4-м Украінскім, 1-м, 2-м i 3-м Прыбалтыйскім франтах. У самых складаных становішчах выходзіў пераможцам. Зpaбіў 192 баявых вылеты, з ix дзесяць – ноччу i трынаццаць – у складаных кліматычных умовах. Знішчыў 5 нямецкіх самалётаў у паветры i 20 на зямлі. Баявыя заслугі адзначаны ордэнамі Леніна, Суворава i Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі. 1 лістапада 1943 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля вайны працягваў службу ў Савецкай Арміі. У 1956 г. звольніўся ў запас у званні палкоўніка. Жыў у Магілёве, працаваў намеснікам дырэктара млынкамбіната, начальнікам штаба грамадзянскай абароны прадпрыемства.
31 сакавіка 1979 г. М.Ф. Рабчэўскі памёр, пахаваны на Польскіх могілках. Яго імем названа вуліца ў Клімавічах.

5 (18) лютага — 105 гадоў з дня нараджэння Кліма Лазаравіча Грыневіча, паэта.

 5 (18) лютага - 105 гадоў (1912, в. Шасцёраўка) з дня нараджэння Кліма Лазаравіча Грыневіча, паэта.
 У 1929 г. скончыў Мiлаславiцкую сямiгодку, дзе наведваў лiтаратурны гурток. У 1930 г. стаў студэнтам Рагачоўскага педтэхнiкума, але правучыўся там нядоўга. У красавіку 1931 г. ён быў ужо ў Мінску, працаваў на будоўлі. Покліч такіх перамен застаўся не высветленым. Хутчэй за ўсё яго прыцягвала кіпучае літаратурнае жыццё сталіцы, бо ён неўзабаве пачаў працаваць карэктарам у друкарні Дзяржвыдавецтва, а затым супрацоўнікам газет “Рабочий”, “Сельгасрабочы”, некаторы час быў сакратаром ЦК прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі Беларусі.
Свае вершы друкаваў ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, а ў верасні 1932 г. стаў студэнтам Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. Літаратурнатворчае аддзяленне гэтай навучальнай установы закончылі многія беларускія пісьменнікі, аднак Грыневічу дабіцца гэтага не было суджана. Над беларускай інтэлігенцыяй ужо праводзіліся судовыя працэсы. Пакуль што вышэйшае пакаранне зводзілася да адміністрацыйнай высылкі, таму Клім Грыневіч апынуўся ў горадзе Сары-Агач Паўднёва-Казахстанскай вобласці. Там ён працаваў у школе, выкладаў рускую мову і літаратуру і іншыя прадметы, паколькі настаўнікаў не хапала.
У 1935-1937 гг. К. Грыневіч служыў у Чырвонай Арміі, а пасля па стану здароўя пераехаў у Балагое і паступіў у Ленінградскі педагагічны інстытут імя А.І.Герцына. Сухоты нішчылі яго сілы і 3 сакавіка 1941 г. К.Грыневіч памёр.
Вершы апошнiх гадоў жыцця К.Грыневiча не збераглiся.

10 лютага — 120 гадоў з дня нараджэння Івана Сяргеевіча Лягенчанка, беларускага вучонага ў галіне акушэрства і гінекалогіі.

   10 лютага – 120 гадоў (1897, в. Крывая) з дня нараджэння Івана Сяргеевіча Лягенчанка, беларускага вучонага ў галіне акушэрства і гінекалогіі, выдатніка аховы здароўя, дацэнта (1951 г.), заслужанага ўрача БССР (1956 г.).
У 1917 г. скончыў Магілёўскую фельчарска-акушэрскую школу, ў 1923 г. – медфак Казанскага універсітэта.
З 1923 па 1926 гг. працаваў ардынатарам акушэрска-гінекалагічнай клінікі ў г. Казань, затым загадчыкам гінекалагічнага аддзялення Бранскай губернскай бальніцы. З 1926 па 1934 гг. асістэнт, старшы асістэнт, дацэнт акушэрска-гінекалагічнай клінікі г. Мінска і па сумяшчальніцтве галоўны ўрач Цэнтральнай радзільні.
У 1934-1941 гг. загадваў акушэрска-гінекалагічным аддзяленнем Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы і па сумяшчальніцтве выкладаў у Магілёўскай фельчарска-акушэрскай школе і на курсах удасканалення ўрачоў. У 1935 г. прысвоена вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук па сукупнасці навуковых прац.
У гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. служыў памочнікам начальніка эвакашпіталь №1430, галоўным гінеколагам 41-й Арміі, галоўным гінеколагам ФЭП 165 і начальнікам гінекалагічнага аддзялення, галоўным гінеколагам БЛВО.
З 1945 г. – дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. З 1946 г. – выконваючы абавязкі загадчыка кафедры акушэрства і гінекалогіі БелДІУУ. У 1953 г. прызначаны загадчыкам той жа кафедры, пераабіраўся ў 1958, 1963 гг. З 1949 па 1963 гг. адначасова быў галоўным лекарам Мінскага гарадскога радзільнага дома.
Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці: у 1925 г. абгрунтаваў і ўкараніў метад пертубацыі для лячэння бясплоддзя; ў 1947 г. абгрунтаваў і ўкараніў у практыку метад фізіялагічнага ажыўлення ўяўна-памерлых нованароджаных, метад ўвайшоў ва ўсё кіраўніцтва па акушэрстве і гінекалогіі як у СССР, так і за мяжой, і дазволіў знізіць смяротнасць нованароджаных, якія нарадзіліся ў стане асфіксіі, з 20-25% да 2,8-4%; у 1951 г. прапанаваў метад абязбольвання і паскарэння родаў шляхам навакаінавай блакады тазавага нерва. Аўтар 20 навуковых публікацый.
Заслугі І. С. Лягенчанкі адзначаны ў 1952 і 1967 гг. ордэнамі “Знак Пашаны”, 1945 г. – медалём “За перамогу над Германіяй”, 1949 г. – значком “Выдатнік аховы здароўя”. Удастоены звання Заслужаны ўрач БССР. Памёр 9 мая 1984 года.

10 сакавіка — 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Нікіфаравіча Мінчанкі, паэта, празаiка, публiцыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусi, журналіста.

10 сакавіка – 75 гадоў (1942, в. Зацішша) з дня нараджэння Мікалая Нікіфаравіча Мінчанкі, паэта, празаiка, публiцыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусi (1993), журналіста.
Нарадзiўся 10 сакавіка 1942 г. ў в. Зацішша Клiмавiцкага раёна. Вучыўся ў пачатковай школе в. Кавалёўка, у Звянчацкай сямiгодцы, скончыў Мiлаславiцкую СШ (1959). Працаваў загадчыкам Кавалёўскага сельскага клуба, служыў у войску. У 1964-68 гг. студэнт Жытомiрскага педагагiчнага iнстытута.
З 1969 года працаваў фотакарэспандэнтам, лiтработнiкам, загадчыкам аддзела пiсем у Клiмавiцкай газеце «Новае жыццё». З 1971 года карэспандэнт-арганiзатар, з 1979 дыктар Клiмавiцкага радыёвяшчання. Завочна вучыўся ў Мiнскай Вышэйшай партыйнай школе. У 1981 годзе вярнуўся адказным сакратаром у Клiмавiцкую райгазету, з 1988 галоўны рэдактар гэтай газеты. Шмат працуе з моладдзю, доўгiя гады ўзначальвае лiтаб’яднанне “Зарнiцы” пры газеце. Лаурэат прэмii Ленiнскага камсамола Магiлёўшчыны за 1977 год.
Лiтаратурнай працай займаецца з 1956 года. У абласным i рэспублiканскiм друку змяшчае вершы з 1967 года. Яго вершы ўвайшлi ў калектыўныя зборнiкi “Галасы Прыдняпроўя”, “Адданасць”, “Дняпроўскiя хвалi” i iнш. Аўтар паэтычных кнiг “Зялены звон” (1971), “Давер” (1980), “Лiпацвет” (1993), “Маладзiк над Клiмавiчамi” (1996), “Шанц на адкрыццё” (1996). Для вершаваных твораў М. Мiнчанкi характэрны народная напеўнасць, чысцiня гучання. Працоўныя буднi сучаснiка, хараство айчыннага краю, прыгажосць душэўных памкненняў чалавека – асноўныя матывы яго паэзii. Рэалiстычная канкрэтнасць назiранняў у ёй гарманiчна спалучаецца з лiрыка-спавядальнай iнтанацыяй. Яго вершы перакладалiся на ўкраiнскую мову. 

10 сакавіка — 55 гадоў з дня нараджэння Галіны Віктараўны Цыганковай, паэтэсы, журналісткі.

10 сакавіка – 55 гадоў (1962, в. Галiцкая Мыза) з дня нараджэння Галіны Віктараўны Цыганковай, паэтэсы, журналісткі. Па-майстэрску валодае рознымі літаратурнымі жанрамі.
Вершы Г. Цыганковай – цёплыя, душэўныя, лiрычныя, глыбока кранаюць чытача сваёй шчырасцю, дабрынёй, любоўю да Радзiмы. Першы зборнік – “Бомы душы” – убачыў свет у 1998 г. Яе лепшыя вершы ўвайшлі ў зборнікі “Палітра жыцця”, “Вераснёвы ранак”. Многія вершы прысвяціла дзецям, якія заўсёды былі ў цэнтры яе ўвагі. Вершы для дзяцей забіяцкія, вясёлыя, з гумарам, яны вучаць малых гуляць, адгадваць загадкі, спяваць калыханкі. Яны сабраныя ў зборніку “Сонечны зайчык”. Акрамя вершаў Г. Цыганкова піша аповесці, казкі, прыказкі, песні, прыпеўкі. Паэзіі Галіны Цыганковай, арыгінальна напісаным нататкам, абразкам, замалёўкам, артыкулам, нарысам, праўдзівым “жыццёвым гісторыям” уласцівы сапраўдны лірызм, глыбіня пачуццяў, веданне тэмы. Мясцовымі кампазітарамі, сярод якіх заслужаны дзеяч культуры Леанід Ячнеў, многія вершаў паэткі пакладзена на музыку. Для аматараў музыкі выдадзены зборнік песен “На хвалі мелодыі”.
Неаднаразова станавілася пераможцай абласных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў.

15 мая — 95 гадоў з дня нараджэння Пятра Савельевіча Васілеўскага, празаiка, драматурга, сцэнарыста.

15 мая 95 гадоў (1922, в. Сяменаўка) з дня нараджэння Пятра Савельевіча Васілеўскага, празаiка, драматурга, сцэнарыста, рэжысера, члена Саюза пісьменнікаў СССР (1954), члена Саюза кiнематаграфiстаў СССР (1967). 
Сярэднюю адукацыю П. Васiлеўскi атрымаў у Журавiцкай СШ, дзе пазнаёмiўся i пасябраваў з А. Макаенкам. У 1940 г. пасля заканчэння школы, быў прызваны ў Чырвоную Армiю. На пачатку Вялiкай Айчыннай вайны ўдзельнiчаў у баях на Карэльскiм фронце. З 1942 г. карэспандэнт армейскай газеты “Сталинский боец”. Быў двойчы паранены. У 1944 г. дэмабiлiзаваны. З 1945 г. працаваў у рэдакцыi газеты “Сталинская молодежь”. У 1946 г. накiраваны ў Рэспублiканскую партыйную школу пры ЦК КП Беларусi. У 1947 г. паступiў у школу–студыю МХАТа i у той жа год перайшоў на рэжысерскi факультэт Усесаюзнага iнстытута кiнематаграфii, якi скончыў у 1953 г. З 1952 г. працаваў рэжысёрам на кiнастудыi “Беларусьфiльм”. З 1988 г. на творчай працы.
Першае апавяданне П.Васiлеўскага “Так умирают бесстрашные” змешчана ў 1942 г. ў газеце “Сталинский боец”. Друкаваўся ў армейскай газеце “Боевой путь”, сатырычным часопiсе “Сквозьняк”. Беларускiм друку выступае з 1945 г. Аўтар аповесцей “Новы дзень”, “Вечныя маладажоны” i iншыя, кнiгi апавяданняў “Прыгажосць чалавечая”, п’ес, якiя ўвайшлi ў зборнiкi “Твой заўтрашнi дзень”, “Вобраз жыцця”. Аўтар шматлiкiх нарысаў, гумарэсак, сучасных казак, у якiх раскрываюцца надзейныя пытаннi рэчаiснасцi, асуджаюцца адмоўныя з’явы ў дзейнасцi i характарах людзей. Як рэжысер i сцэнарыст прымаў удзел у стварэннi шэрагу мастацкiх i дакументальных кiнафiльмаў (“Палеская легенда”, 1957, “Рагаты бастыен”, 1965), тэлефiльма аб жыццi i творчасцi Я.Коласа “Жывiце даўжэй, хлопцы” i iнш. П’есы П.Васiлеўскага “Любоў, Надзея, Вера…”, “Дзiўны дом”, “Твой заўтрашнi дзень” i iнш. з поспехам iшлi ў Беларускiм тэатры iмя Я.Купалы i iншых тэатрах рэспублiкi.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступенi, медалямi. Жыў у Мінску. Памёр у 2002 г.



1 чэрвеня — 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Кавалёва, беларускага вучонага ў галiне ветэрынарыi.

1 чэрвеня – 80 гадоў (1937, в. Стары Дзедзін) з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Кавалёва, беларускага вучонага ў галiне ветэрынарыi, акадэмiка Акадэмii аграрных навук Беларусi (1994-2002; член-карэспандэнт 1992), акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003), доктара ветэрынарных навук (1977), прафесара (1979). 
    Закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1959). У 1959-1961 гг. ветурач Клімавіцкай райветлячэбніцы Магілёўскай вобл., галоўны ветурач саўгаса “Высокаўскі” гэтага ж раёна. З 1964 г. малодшы навуковы супрацоўнік, з 1966 г. старшы навуковы супрацоўнік, з 1968 г. загадчык аддзела, з 1988 г. дырэктар Беларускага НДІ эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага, з 1999 г. загадчык лабараторыі. З 2002 г. галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар 360 навуковых прац, у т.л. 8 манаграфій, 19 вынаходстваў і патэнтаў. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” (1971), медалямі.

10 снежня — 60 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Іванавіча Міронава, мастака-акварэліста, члена Беларускага Саюза мастакоў, прадстаўніка Міжнароднай гільдыі жывапісцаў.  

10 жніўня – 60 гадоў  (1952, г. Клімавічы) з дня нараджэння Міхаіла Іванавіча Міронава, мастака-акварэліста, члена Беларускага Саюза мастакоў, прадстаўніка Міжнароднай гільдыі жывапісцаў.  
Нарадзіўся ў сям’і рабочых. Пасля заканчэння 8 класаў паступіў у Горнае прафтэхвучылішчы № 11 г. Горлаўка Данецкай вобласці. Тады ж займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва мясцовага Палаца культуры. Пасля заканчэння навучальнай установы накіраваны на працу ў шахту г. Жданоўка Данецкай вобласці (адначасова працягваў займацца ў студыі выяўленчага мастацтва). Неўзабаве малады мастак паступае на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута ім. С.М.Кірава. У 1976 г. Міхаіл Міронаў паспяхова заканчвае вышэйшую ўстанову. Затым служба ў войску і восем гадоў працы ў Міністэрстве культуры Беларусі. Доўгіх 22 гады ён перадаваў свае сакрэты і творчыя таямніцы вучням дзіцячай мастацкай школы № 1 г. Мінска.
Міхаіл Міронаў шмат падарожнічаў. Ён пабываў у Дагестане, Арменіі, Францыі, Індыі, Таджыкістане, Краснаярскім краі. Аб’ездзіў амаль увесь Савецкі Саюз. У выніку чаго нарадзіліся серыі работ: “Карачаево-Черкессия”, “Дагестан”, “По Енисею”, “Красноярск” і іншыя. Аднак большасць яго работ прысвечана роднай Беларусі. Гэта серыі: “Браславщина”, “По купаловским местам”, “Неманские берега”.
Яго персанальныя выставы праводзіліся ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, Палацы мастацтваў, а таксама ў Рускім доме (Белград).
За ўклад у развіццё нацыянальнай культуры мастак быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Міхаіл Міронаў пайшоў з жыцця ў 57 гадоў, пакінуўшы пасля сябе велізарную калекцыю сваіх работ.


а так жа прыпануем вашай увазе:

-ЗНАМЯНАЛЬНЫЯ ДАТЫ КРАЯЗНАЎЧАГА КАЛЕНДАРА НА 2013 ГОД

-ЗНАМЯНАЛЬНЫЯ ДАТЫ КРАЯЗНАЎЧАГА КАЛЕНДАРА НА 2014 ГОД

-ЗНАМЯНАЛЬНЫЯ ДАТЫ КРАЯЗНАЎЧАГА КАЛЕНДАРА НА 2015 ГОД

-ЗНАМЯНАЛЬНЫЯ ДАТЫ КРАЯЗНАЎЧАГА КАЛЕНДАРА НА 2016 ГОД