Skip to: site menu | section menu | main content

Currently viewing: Галоўная » Класікі» Пруднiкаў А. Т.

Пруднiкаў Алесь Трафiмавiч

Бiяграфiя

Нарадзіўся 14 красавіка 1910 г. ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна. Паэт, журналіст. Стрыечны брат П.Пруднікава.

Пасля заканчэння Мілаславіцкай школы Алесь некаторы час працаваў у вёсцы, затым на будоўлі чыгункі, вучыўся ў Рагачоўскім педтэхнікуме, але неўзабаве пакінуў вучобу і перабраўся ў 1930 г. ў Мінск. Тут ён зноў працаваў на будоўлі, карэктарам у выдавецтве, журналістам БелТА. У 1932 г. стаў студэнтам педінстытута, але праз год вымушаны быў пакінуць вучобу і да 1935 г. служыў у Чырвонай Арміі, пасля працаваў у Клімавіцкай раённай газеце “Камуна”. Потым паступіў вучыцца ў Ленінградскі настаўніцкі інстытут, які і закончыў у 1938 г. Друкаваўся з 1930.

Пэўны час Алесь выкладаў рускую мову і літаратуру ў школе, быў інспектарам Пятроўскага РайАНА ў Карэліі і адначасова вучыўся на філалагічным факультэце Карэльскага ўніверсітэта. I тут ён, па сведчанні сяброў, актыўна займаўся літаратурнай творчасцю. На жаль, архіў паэта загінуў у полымі вайны. Вершы яго раскіданы па старонках беларускіх і расійскіх газет, асобна ў 1931 г. выйшла толькі яго невялікая паэма “Зямныя зоры”.

Вершам А.Пруднікава ўласціва публіцыстычная накіраванасць, узнёсласць. Паэт не парывае сваей кроўнай сувязі з вёскай, але ўжо адчувае сябе і часцінкай мітуслівага горада, зачароўваецца яго працоўным рытмам. У вершах ён імкнуўся адлюстраваць час, і калі не заўсёды ўдавалася гэта зрабіць, то віной таму былі тагачасныя жыццёвыя абставіны. Паэтычнае майстэрства расло, паэт быў на ўздыме, але здзейсніць задуманае яму не было дадзена лёсам. Паэт загінуў на фронце ў 1941 г.

Творы А.Т. Пруднікава

“Зямныя зоры”, 1932.

“Крывею сэрца”, 1967.


Аб жыцці і творчасці

Пруднiкаў Алесь // Энцыклапедыя лiтаратура i мастацтва Беларусi. — 1987. —Т. 4. — С. 388.

Алесь Пруднiкаў // Пiсьменнiкi Савецкай Беларусi: Кароткі даведнік — Мінск, 1981. — С. 281-282.

Пруднiкаў Алесь // Пiсьменнiкi Магiлёўшчыны: Бiблiяграфiчны паказальнiк. — Магiлёў, 1993. — С. 180-181.

Пруднiкаў Алесь // Памяць: гiсторыка-дакументальная хронiка Клiмавiцкага раёна. — Мінск : Унiверсiтэцкае, 1995. — С. 624.

Алесь Пруднiкаў // Iшла вайна народная… : Беларускія пiсьменнiкi ў Вялiкай Айчыннай. — Мінск, 1991. — С. 533-534.

Алесь Пруднiкаў (1910-1941) // Беларуская мова i лiтаратура ў школе — 1990. — N 4. — С. 13.

Алесь Пруднiкаў // Радзiме — радок i жыццё. Памяцi беларускіх паэтаў, якiя гераiчна загiнулi на Вялiкай Айчыннай вайне. — Мінск, 1986. — С. 50-51.

Клiмуць, Я. Алесь Пруднiкаў / Я. Клімуць // Магiлёўская праўда. — 1991. — 5 студзеня — (Анталогiя лiтаратуры Магiлёўшчыны).

Пруднiкаў, П. Недапетая песня. Далекае, але незабытае : успамiны. / Павел Пруднікаў. — Мінск, 1988. — С. 149-154.

Сергiеня В. 75 год з дня нараджэння Алеся Пруднiкава // Полымя. — 1985. — № 4. — С. 224.

Back to top