Skip to: site menu | section menu | main content
Сумуем аб кароткім леце.
У нас халодная зіма.
Ды даражэйшага на свеце
Нічога ў нас з табой няма.
І лёс куды нас не закіне,
Мы будзем памятаць куток
У чыстай сонечнай краіне,
Дзе нашай радасці выток,
Дзе калыханка ва ўспаміне
І першы самастойны крок.
Пачнецца завея — душа маладзее,
А сэрца сагрэе пякучы мароз.
Зіма адбялее — прачнецца надзея:
Вясна пачастуе сокам бяроз.
Варта напіцца — сіла бруіцца
І радасць іскрыцца і мара аб тым,
Што зможам, як маці, зямлі пакланіцца
За шчасце, якое сустрэў маладым.
Час, як конь ліхі, імчыцца,
Не вярнуць назад.
Уначы няхай прысніцца
Белы-белы сад.
Налівацца будуць сокам
Яблыкі штодня.
Нават з мараю высокай
Не стрымаць каня.
У яго свая дарога,
Коннік там круты,
І дарога, і дарога,
І ў чаканні ты.
За хваляю хваля бяжыць
І бераг вадой абмывае.
Як хораша ўсё-такі жыць,
Калі цябе нехта чакае.
Я поглядам хвалі лаўлю,
Напісаўшы адзінае слова
На жоўтым пясочку — “Люблю!”
А хваля змывае яго адмыслова.
Ды час не змывае з душы
Пачуццё, што даўно набалела.
Ты позіркам любай сваёй напішы
Такое, каб сэрца каханай запела.
Вядома, нам не адкрываць
Далёкіх астравоў туманных,
У свет прыходзім працаваць,
Любіць сваіх каханых.
З сябрамі шчырымі дружыць
І завяшчаць свабоду сыну,
І ў горкі час сумленна жыць,
І берагчы Айчыну.
Няма нам волі без яе,
Яна вяла да шчасця,
У хвіліны цяжкія мае
Адно жаданне: не упасці.