Skip to: site menu | section menu | main content
Браты яго — з пачвар пачвары:
Жахлівы выгляд, цяжкі крок.
А ён — такі прывабны з твару,
Вясёлы, зграбны Лесунок.
Браты за бацькам следам ходзяць,
Рыхтуюць пасткі у глушы,
Прахожых лесам кружаць-водзяць,
Пасля рагочуць ад душы,
Людзей давёўшы да адчаю.
А гэты — вось яшчэ дзівак! —
Рабіць з маленства прызвычаіў,
Усім насуперак, не так.
Ці заблукае падарожны,
Ці-то падпасак забрыдзе —
Ён адгукнецца, дапаможа.
Ён не пакіне у бядзе.
Усё душа яго прымае:
І хараство, і прыгажосць.
Зязюля ў лесе закувае
Ці п’е ваду з крынічкі лось —
Заслухаецца, заглядзіцца,
Усхваляваны, трапяткі.
Ну, як бацькам тут не дзівіцца,
Што сын адметны ў іх такі?
Бацькі гадаюць: “Што за ліха?
Мо, занядужыў ты, сынок?”
Ды усміхаецца паціху
Шчаслівы, добры Лесунок.
Бацькі не ведаюць прычыны,
Калматым родзічам няўцям.
А ён прыгожую дзяўчыну
Сягоння з лесу вывеў сам!
Дзень цудоўны, дзень вясёлы.
Сонца радасна вітае.
Адчыняе дзверы школы
Дзецям восень залатая.
Будуць новыя сустрэчы
І знаёмствы узаемна.
Ранец злёгку цягне плечы,
Толькі цяжар той прыемны.
Сустракай, краіна ведаў,
Жыхароў старых і новых!
Шмат пытанняў, шмат даведак
На сцяжынках адмысловых.
Ім па тых сцяжынках крочыць,
Пазнаваць усё на свеце.
Ўжо гараць цікаўна вочы,
Ўжо чакаюць цуду дзеці.
У сяброўстве і даверы
Пойдуць разам ява з казкай.
Адчыняе школа дзверы —
То, заходзьце, калі ласка!
Мілая, добрая мама-матуля
Ціха дачушку да сэрца прытуліць,
Потым пяшчотна абдыме сыночка.
А захварэем — не спіць усю ночку,
Хоць і сціскае дрымота павекі,
Напагатове ёсць розныя лекі.
Мама суцешыць, калі хто заплача,
І дапаможа змагацца з задачай.
Ёй падуладны прыстаўка і суфікс.
Верш прачытае — люба паслухаць.
Пра дыназаўраў, пра космас, мікробы,
І пра здароўе, і пра хваробы —
Ёсць на любыя пытанні адказы.
Як яна можа ўсё ведаць адразу?
Мама гатуе, цыруе і вяжа,
Казку на ноч дзеткам раскажа.
Мама мая — лепшая ў свеце.
Самая-самая. Вы мне паверце!
Белы бусел зранку ходзіць
Беражком балота:
Калі жабу напаткае —
Праглыне з ахвотай.
Ходзіць важна ды няспешна
То ўлева, то ўправа:
Мне, маўляў, няма да ўсіх
Аніякай справы.
Галаву трымае горда,
Дзюбу задзірае.
А сам пільна за балотам
Сочыць-назірае.
Толькі жабу падмануць
Буслу не ўдаецца:
Сядзіць жаба за купінай,
Ды над ім смяецца.
Новы год, Новы год
Праз адну хвіліну.
Прыбірае Дзед Мароз
Стройную яліну.
Белым снегам пасыпае,
Цацкі розныя чапляе:
Шакаладныя цукеркі,
Каляровыя паперкі,
Зоркі крышталёвыя
І каралі новыя,
Ды яшчэ і завушніцы.
— Гэй, вавёркі і сініцы,
Снегіры, зайцы, зубры!
Да мяне хутчэй, сябры!
Пачынаем карагод:
Праз хвіліну — Новы год!
Край мой Клімавіцкі,
Поўны мар-надзей,
Залатыя рукі
Утваіх людзей.
Працаю руплівай
Славіцца народ,
Каласяцца нівы
Буйна з году ў год.
Край мой Клімавіцкі,
Край лясоў густых,
Сэрцы залатыя
У людзей тваіх.
Тут, калі кахаюць,
Значыць, назаўжды.
Не астудзяць сэрцаў
Сцюжы-халады.
Край мой Клімавіцкі,
Гераічны край.
Ты збіраў атрады
Супраць прагных зграй,
Не даваў спакою
Ні ўначы, ні днём,
Ворагаў-фашыстаў
Спапяляў агнём.
Край мой Клімавіцкі,
Ты спазнаў бяду:
Атруціў Чарнобыль
Чыстую ваду,
Засцяліла сонца
Чорнае крыло,
Гора нечакана
Да цябе прыйшло.
Край мой Клімавіцкі,
Сэрцу мілы кут.
Веру — быць шчаслівым
Можна толькі тут!
Дык квітней-красуйся
Бедам ўсім на злосць.
Ёсць у цябе сілы,
Будучыня ёсць!
Плещется небо бездонная синь.
Город-красавец – ты взглядом окинь, -
Город хороших людей,
Замыслов, планов, идей.
Гладкие стрелы шоссейных дорог
Тех, кто шагнул за родимый порог,
Снова приводят домой,
В Климовичи – город мой.
Скверы, аллеи и парк вековой,
Площадь и храм со златою главой.
Гордость вскипает волной:
Это мой город родной!
Город фонтанов, город цветов,
Встретить гостей он радушно готов.
Летом хорош и зимой
Климовичи – город мой.
Тихих окраин дома и сады,
Стройных деревьев прямые ряды,
Буйство цветенья весной –
Это мой город родной.
Полон надежды, желаний и сил,
Мысли в грядущее он устремил.
Стань же ты сказкой самой,
Климовичи – город мой.
“Залатая пчолка” –
Сонечнае ранне,
Мары і надзеі,
Новыя спатканні.
“Залатая пчолка” –
Весялосці хвалі.
Клімавічы сёння –
Сталіца фестывалю.
Розныя краіны,
Ды адно імкненне,
І для ўсіх мастацтва
Стала захапленнем.
Розныя краіны,
Ды на гэтым свяце –
Усе сям’ёй адзінай
Нібы ў роднай хаце.
Талентаў юначых
Россып непаўторны.
Хай жа фестываль вам
Стане шляхам зорным.
І стваральнік моды,
І сяброў суполка,
Хай жыве заўсёды
“Залатая пчолка”!
Хай жыве фестываль!
У майго сыночка
Блакітныя вочкі,
Ружовыя шчочкі
У майго сыночка.
Ты расці, сыночак,
Моцны, як дубочак,
Стройны, як таполя
У шырокім полі.
Каб пад ветрам буйным
Гнуўся — не ламаўся,
На сваю старонку
Каб не забываўся.
Я пайду да лесу,
Зялёнага гаю,
Шэрую зязюлю
Там я пагукаю:
— Зязюлька, зязюлька,
Калі мяне чуеш,
Скажы, які лёс ты
Сыну накукуеш?
Мо, гадоў налічыш
Сотню ці паболей?
Можа, наварожыш
Ты багацця ўволю?
Не кукуй, зязюля,
Золата ды срэбра —
Як дабра не будзе,
Й багацця не трэба.
Накукуй ты сыну
Шчаслівую долю,
Каб не ведаў гора
Ды бяды ніколі.
Ой, маўчыць зязюля,
Кукаваць не хоча.
А сваю ты долю
Сам зрабі, сыночак!
Салаўінаю ночкай
Хіба можна заснуць?
Я на ганак выходжу,
Каб маэстра пачуць.
Ён выводзіць рулады
Як сапраўдны артыст:
То рассыплецца пошчакам,
То пярэйдзе на свіст.
На паўголасу возьме
І зусім замаўчыць,
А пасля праз хвілінку
На ўсю моц загучыць.
І прысядзе на голлі
Месяцовы прамень,
Каб паслухаць мелодыі
Жыватворны струмень.
Памнажаюцца гукі
Чыстым рэхам начы.
У здагадках губляюсь:
Не адзін ён гучыць?
Не магу зразумець я —
Гэта сола ці хор?
Сам сабе выканаўца,
Сам сабе дырыжор.
З асалодай і прагай
Гэту музыку п’ю,
І, стаіўшы дыханне,
Спеў дзівосны лаўлю.
Салаўінаю ноччу
Забываюцца сны.
Салаўіныя ночы —
Падарунак вясны.
Сын глядзіць ваенны фільм
І гаворыць мне:
— Мама, я б хацеў таксама
Быць на той вайне,
На магутным танку хутка
Праз агонь імчаць
І з гарматы, з кулямёту
Ворагаў страляць.
Я б тады фашыстам-немцам
Гэтак бы задаў!..
Мне прысеўшы на калені,
Сын распавядаў.
Я прыціснула сыночка
Моцна да грудзей,
І кажу:
— Нядобра, сынку,
Цэліць у людзей.
Зразумей, хлапчо: не жарты,
Не гульня вайна.
Колькі гора, колькі жахаў
Ўсім нясе яна!
Чуеш, як ірвуцца бомбы,
Страшна танк раве?
Бачыш — чорны дым пажару
Над зямлёй плыве,
І савецкія салдаты
Мёртвыя ляжаць?
Іх чакаюць недзе маці
І начэй не спяць.
Іх чакаюць недзе жонкі,
Дзеткі клічуць тат.
Але толькі пахаронкі
Вернуцца назад.
Не, мой любенькі, не трэба
Нам тае вайны.
Хай растуць бацькам на радасць
Волаты-сыны,
Свеціць ветлівае сонца,
Дождж свінцом не лье,
І не кулі злыя свішчуць —
Салавей пяе.
Ты вялікі ўжо — у школу
Пойдзеш праз гадок.
Хай жа чыстым будзе неба
Над табой, сынок!